Экскурсія "Тэатральныя таямніцы Купалаўскага" (6+)
Тэатр – гэта надзвычай складаны механізм, які прыводзяць у рух любоў і прафесіяналізм дзясяткаў спецыялістаў. І мы хочам, каб нашы гледачы мелі магчымасць далучыцца да гэтай магіі.
Падчас экскурсіі вы завітаеце ў месцы, дзе праходзяць асноўныя этапы стварэння спектакляў: касцюмерны, бутафорскі, рэквізітарскі, грымёрны цэхі, арт-фае, карман сцэны.
Убачыце ўсе тры сцэнічныя пляцоўкі Купалаўскага тэатра: галоўную сцэну, камерную сцэну і Камінную залу.
Даведаецеся аб творчасці самых выбітных акцёраў, рэжысёраў і мастакоў больш чым за стогадовую гісторыю Купалаўскага тэатра і ўбачыце іх партрэты ў асаблівай фотагалерэі.
Пазнаёміцеся з лепшымі беларускімі пісьменнікамі, чые творы ставіліся на нашай легендарнай сцэне. Не дарма Купалаўскі носіць статус нацыянальнага і на працягу сваёй гісторыі звяртаецца да айчыннай літаратуры!
Зможаце даведацца пра ўсе таямніцы закулісся і дробязі, з якіх складаецца кожны спектакль
Падарожжа па лабірынтах тэатра разлічана на гадзіну і зацікавіць як малых тэатралаў, так і сталых аматараў Купалаўскага. Пасля такой вандроўкі вы будзеце адчуваць сябе ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы як дома ў добрых сяброў.
