92
сезон

Навiны

08.05.2012 » Лондан. 10 мая 2012 года

10 мая 2012 года на сцэне лонданскага тэатра Блумзбары адбыўся першы ў гісторыі паказ спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў Злучаным Каралеўстве.

Брытанскім гледачам была прадстаўлена нясвіжская арлекінада “Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл”, паводле літаратурных твораў княгіні Францішкі Уршулі Радзівіл у пастаноўцы мастацкага кіраўніка тэатра Мікалая Пінігіна.

Для паказу ў Лондане былі распрацаваныя і падрыхтаваныя адмысловыя матэрыялы: створаны англамоўныя афішы і двухмоўныя праграмкі-буклеты, падрыхтаваны мастацкі пераклад тэксту п’есы на англійскую мову, забяспечана сістэма сінхроннага перакладу, арганізавана тэматычная выстава ў фае тэатра. Усё гэта спрыяла больш дэталёваму азнаямленню гледачоў з тэатральным мастацтвам Беларусі эпохі барока, а таксама дапамагала ўспрыняццю сцэнічнага дзеяння.

Зала тэатра, якая налічвае больш за 550 месцаў была запоўнена на 100% і нават не змагла змясціць усіх ахвотных пабачыць пастаноўку. Гледачы надзвычай цёпла прымалі спектакль, жвава рэагавалі на развіццё падзей, доўга не адпускалі артыстаў са сцэны пасля заканчэння пастаноўкі.

08.05.2012 » Адмена спектакля

Паважаныя гледачы!
Па незалежных ад тэатра прычынах спектакль "Чорная панна Нясвіжа", які мусіў адбыцца 28 мая на сцэне Цэнтральнага дома афіцэраў, адмяняецца.

Квіткі можна вяртаць:
1. 28 мая ў Цэнтральным доме афіцэраў з 18.00 да 20.00;
2. у буднія дні па адрасе пр-т Машэрава, 25, пакой 601 з 12.00 да 18.00;
3. штодзень да 21 мая з 10.00 да 20.00 у касе тэатра па адрасе вул. Энгельса, 12. Рэжым працы касы пасля 21 мая просім удакладняць па тэлефоне (017) 3274237.

Адміністрацыя тэатра просіць прабачэння за адмену спектакля і спадзяецца на Ваша разуменне.

03.05.2012 » Фестываль у Кішынёве

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы прыме ўдзел у Моладзевым Тэатральным форуме, які пройдзе 6-13 чэрвеня ў Кішынёве (Малдова). 10 чэрвеня на суд журы і гледачоў купалаўцы прадставяць спектакль “Офіс” паводле Інгрыд Лаўзунд у пастаноўцы Кацярыны Аверкавай. Паказ адбудзецца на сцэне Дзяржаўнага Рускага Драматычнага тэатра імя А. П. Чэхава.

У праграму форума спектакль быў адабраны Экспертным Саветам, які з кастрычніка 2010 па красавік 2011 года адглядаў спектаклі, пастаўленыя маладымі рэжысёрамі ў краінах СНД, Балтыі і Грузіі. Разам з “Офісам” у праграму ўключаны яшчэ 12 пастановак маладых рэжысёраў з Масквы, Бішкека, Баку, Вільні, Тбілісі, Кішынёва, Харкава, Ерэвана, Рыгі, Пракоп’еўска, Каршы.

У праекце таксама ўдзельнічаюць маладыя сцэнографы, драматургі, тэатральныя крытыкі з краін СНД, Балтыі і Грузіі, для якіх будуць ладзіцца выставы, майстар-класы, майстэрні і круглыя сталы. Форум арганізаваны Міністрэрствам культуры Рэспублікі Малдова, Міжнароднай канфедэрацыяй тэатральных саюзаў, Міжнародным тэатральным фестывалем імя А.П.Чэхава і Тэатральным саюзам Малдовы. Падтрымку ажыццяўляе Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва Дзяржаў-удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

З падрабязнай праграмай форума можна азнаёміцца тут www.chekhovfest.ru.

30.04.2012 » Страта

Не стала Зоі Васілеўны Асмалоўскай, выдатнай актрысы, маці і найстарэйшай прадстаўніцы тэатральнай дынастыі Сідаравых-Асмалоўскіх. asmalouskaya

Мы моцна смуткуем з нагоды цяжкай страты і ўсім сэрцам падзяляем боль сям’і. Нашы шчырыя спачуванні і самыя цёплыя словы падтрымкі накіроўваем у адрас Алены Юр’еўны Сідаравай. Няхай памяць, якая вечна жыве ў нашых сэрцах, і вера ў неўміручасць чалавечай душы стануць для яе апорай, дапамогай і крыніцай сілы ў гэтыя цяжкія дні.

Зоя Васілеўна Асмалоўская - актрыса тэатра і кіно, Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь. Нарадзілася
1 сакавіка 1928 года ў Оршы. У 1952 годзе скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці "Актрыса драматычнага тэатра і кіно" (курс Д.А.Арлова), а ў 1954-м прыйшла працаваць у Дзяржаўны рускі драматычны тэатр (сёння - Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага), якому прысвяціла ўсё сваё творчае жыццё.

28.04.2012 » Замена спектакля

Паважаныя гледачы!
У сувязі з хваробай артыста спектакль "Памінальная малітва", які мусіў адбыцца 28 мая на сцэне Цэнтральнага дома афіцэраў, будзе заменены на спектакль "Чорная панна Нясвіжа".

Квіткі сапраўдныя. Пры жаданні іх можна вяртаць па адрасе пр-т Машерава, 25, офіс 601, з 12:00 да 17:00. Адміністрацыя тэатра просіць прабачэння і спадзяецца на Ваша разуменне.
Apxiў навiн