Гісторыя

Урачыстая закладка будынку тэатра адбылася 26 чэрвеня 1888 года (па старым стылі). Адкрыўся губернскі тэатр 5 чэрвеня 1890 года. Архітэктары праекту будынка – Караль Казлоўскі і Канстанцін Увядзенскі.

Будынак тэатра, пачатак 20 ст.
Будынак тэатра, пачатак 20 ст.

1 мая 1917 года артысты "Першага беларускага таварыства драмы і камедыі", створанага акцёрам і рэжысёрам Фларыянам Ждановічам, прадставілі на сцэне губернскага тэатра "Паўлінку" Я. Купалы і "У зімовы вечар" паводле Э. Ажэшкі.

Акцёры таварыства склалі аснову трупы Беларускага Дзяржаўнага Тэатра (БДТ), які адкрыўся ў будынку на вуліцы Энгельса 14 верасня 1920 года. Гэтая дата лічыцца датай заснавання Купалаўскага тэатра. У праграме адкрыцця першага тэатральнага сезона — інсцэніроўка аповесці Э.Ажэшкі "Рысь" у выкананні беларускай трупы, п’еса Шолам-Алейхема "Людзі" (яўрэйская трупа), "Вяселле" А.Чэхава (руская трупа).

Пад кіраўніцтвам Фларыяна Ждановіча ў тэатры працавалі Ірына Ждановіч, Генрых Грыгоніс, Еўсцігней Міровіч, Канстанцін Саннікаў, Стэфанія Станюта. Плеяду піянераў купалаўскай сцэны ў хуткім часе папоўнілі Уладзімір Крыловіч, Лідзія Ржэцкая, Барыс Платонаў, Вера Пола, Вольга Галіна, Уладзімір Уладамірскі, Міхаіл Зораў, Глеб Глебаў, Сцяпан Бірыла, Леанід Рахленка.

У 1921 годзе ўрад надаў маладому тэатру званне "акадэмічнага", каб узняць прэстыж беларускай культуры. З 1926 года БДТ стаў называцца БДТ-1 (беларускія дзяржаўныя тэатры таксама былі адкрыты ў Віцебску — БДТ-2, пазней у Гомелі — БДТ-3).

Першая трупа тэатра, 1924 год
Першая трупа тэатра, 1924 год

Да 1927 года ў склад тэатра ўваходзілі: хор (кір. Тэраўскі), балетная трупа (кір. Алексютовіч) і сімфанічны аркестр (дыр.Купер, Субашаў, Міхайлаў). Усе яны вялі паралельна самастойную канцэртную дзейнасць. У 1933 годзе асобна адкрыўся Нацыянальны тэатр оперы і балета.


Хор БДТ пад кіраўніцтвам У. Тэраўскага

У 1940 годзе тэатр узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Вялікая Айчынная вайна заспела тэатр у Адэсе, адкуль трупе давялося, не вяртаючыся ў Мінск, ехаць у Томск. Менавіта там у 1944 годзе рэжысёр Леў Літвінаў паставіў славутую "Паўлінку" Янкі Купалы, якая стала візітнай карткай тэатра. Гэты спектакль захоўваецца ў рэпертуары тэатра і сёння. У гэтым жа годзе тэатру надаецца імя вялікага беларускага паэта і драматурга Янкі Купалы, а ў 1955 годзе — званне "Акадэмічнага".

Знакамітая "адліга" 60-х гадоў, якая адгукнулася ўздымам у грамадстве і культуры, прыўнесла і ў Купалаўскі тэатр новы подых. Пастаноўкі Барыса Эрына, а таксама маладых і яркіх рэжысёраў новай хвалі: Барыса Луцэнкі і Валерыя Раеўскага, аб’ядналі лепшыя традыцыі тэатра і наватарства.

У 1973 годзе Валерый Раеўскі становіцца галоўным рэжысёрам (пазней — мастацкім кіраўніком тэатра), і застаецца на гэтай пасадзе да 2009 года.

Усеагульнай славе тэатра спрыяюць майстэрства і талент выдатных акцёраў Стэфаніі Станюты, Здзіслава Стомы, Галіны Макаравай, Паўла Кармуніна, Зінаіды Браварскай, Мікалая Яроменкі, Генадзя Гарбука, Генадзя Аўсяннікава, Ліліі Давідовіч, Марыі Захарэвіч, Віктара Тарасава, Аўгуста Мілаванава, Галіны Талкачовай, Валянціна Белахвосціка і шмат інш.

У 1993 годзе за высокія дасягненні ў галіне развіцця беларускай тэатральнай культуры Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь тэатру імя Янкі Купалы быў прысвоены статус "Нацыянальны".

У 2009 годзе мастацкім кіраўніком тэатра стаў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікалай Пінігін.

У сакавіку 2013 года завяршылася маштабная рэканструкцыя будынка, мэтай якой было вяртанне яму знешняга выгляду 1890 года (у 1949 годзе ў тэатры прайшла рэканструкцыя інтэр'ераў па праекту Георгія Заборскага, а ў 1958 годзе быў рэканструяваны галоўны фасад па праекту архітэктара Абрама Духана: надбудаваны бакавыя крылы да другога паверха і праведзена перапланіроўка некаторых дапаможных памяшканняў). 


Сучасны выгляд тэатра