Вялікае Свята 100-га сезона ў Купалаўскім. Жывая трансляцыя “Радзіва Прудок”, прагулкі па закуліссі і канцэрт з “Касіяпеяй” і Бенькай

16 верасня
Вялікае Свята 100-га сезона ў Купалаўскім. Жывая трансляцыя “Радзіва Прудок”,  прагулкі па закуліссі і канцэрт з “Касіяпеяй” і Бенькай

Пачатак 100-га сезона Купалаўскі адзначыць ў вялікай кампаніі гасцей. Госці змогуць пачаставацца ў street-буфеце, зрабіць сабе вусы як у маладога Купалы, прагуляцца па тэатральным закуліссі, атрымаць запрашэнні на закрытыя паказы спектакляў і нават шанец выйсці на сцэну Купалаўскага. На пікнік запрашаюцца ўсе ахвотныя. Уваход вольны.

Распачынаючы свой юбілейны 100-ы сезон, Купалаўскі тэатр выходзіць за межы тэатральнай залы. Вялікае свята возьме пачатак на галоўнай сцэне і разгорнецца ў прасторы ўсяго Аляксандраўскага сквера. На цэлы выхадны дзень цэнтр Мінска пагрузіцца ў тэатральную атмасферу. Праграма пачнецца а 12:00 і працягнецца да позняга вечара. Госці змогуць пачаставацца ў street-буфеце, зрабіць сабе вусы, як у маладога Купалы, прагуляцца па тэатральным закуліссі, атрымаць запрашэнні на закрытыя паказы спектакляў і нават шанец выйсці на сцэну Купалаўскага. Па скверы будуць гуляць персанажы спектакляў у арыгінальных касцюмах, можна будзе фатаграфавацца з імі, а таксама з сапраўднымі тэатральнымі дэкарацыямі і рэквізітам спектакляў.

Падчас свята ў скверы ўпершыню адбудзецца жывая трансляцыя пастаноўкі Купалаўскага тэатра, якую можна будзе паглядзець прама на вуліцы. Гэта стане спектакль “Радзіва Прудок”, пастаўлены па нашумелай кнізе Андруся Горвата. А ў самім тэатры для гасцей свята будуць ладзіцца атмасферныя экскурсіі, падчас якіх яны змогуць трапіць за кулісы тэатра і нават адчуць сябе сапраўднымі акцёрамі.

Для тых, хто нагуляе апетыт, на пікніку будзе працаваць street-буфет, дзе сталічныя кавярні і рэстараны прадставяць тэатральныя сэты. Дэсерт з журавінавым морсам «Людзі на балоце» , сэндвіч з чорнай гарбатай «Чорная панна Нясвіжа » , штрудзель з безалкагольным глінтвейнам «Ноч на Каляды» – далёка не поўны пералік прысмакаў вулічнага буфета.

Восенькае надвор’е можа быць зусім непрадказальным, таму раім прыходзіць са сваімі пледамі, каб было цёпла ды ўтульна. Прыемны бонус чакае ўладальніка самага вялікага пледа – запрашэнне на закрытыя паказы ўсіх прэм’ер цягам 100 сезона.

Пад вечар Аляксандраўскі сквер загучыць на розныя мелодыі. Гасцей чакае музычная праграма з удзелам унікальнага Купалаўскага аркестра, гурта “ili-ili” і “Касіяпеі”, Ягора Забелава, Святланы Бень ды іншыя. Больш падрабязную праграму мерапрыемства раскрыем у бліжэйшы час.

Генеральным партнёрам 100-га сезона Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы выступае кампанія А1. Падтрымка праектаў, звязаных с нацыянальнай ідэнтычнасцю, беларускай мовай і культурай, з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў сацыяльнай адказнасці А1. Спецыяльна да векавога юбілею Купалаўскага тэатра відэасэрвіс VOKA упершыню арганізуе штомесячныя бясплатныя прамыя трансляцыі знакавых спектакляў. Іх можна будзе паглядзець з любой прылады і ў сетцы любога аператара сувязі пасля аўтарызацыі па нумары тэлефона.

Святкуйма 100-ты сезон разам з Купалаўскім!

Уваход вольны.