"Дзве душы". Адбылася прэм'ера

27 красавіка
"Дзве душы". Адбылася прэм'ера

У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбыліся прэм’ерныя паказы спектакля “Дзве душы” паводле аповесці Максіма Гарэцкага ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна.

Аповесць айчыннага класіка, пачынальніка беларускай філасофскай прозы Максіма Гарэцкага вынесена на беларускую тэатральную сцэну ўпершыню. Дзеянне развіваецца ў перыяд з 1890-х па 1930-я гады: на фоне знакавых гістарычных падзеяў пасля Першай сусветнай вайны пераплятаюцца лёсы розных людзей, якія апынуліся ў гушчы рэвалюцыйнай куламесы. Аўтары інсцэніроўкі Максім Клімковіч і Уладзіслаў Ахроменка перанеслі дзеянне ў старое фотаатэлье.


– Цяжка інсцэнізаваць аповесць, бо там няма логікі п’есы, вельмі шмат падзей, якія нельга змясціць у адзін спектакль, і мы выбралі толькі тое, што падавалася галоўным. Паколькі ўсё бясконца мяняецца па ходзе дзеяння, жанр “сцэны” найбольш адпавядае таму, што адбываецца, – кажа рэжысёр Мікалай Пінігін. – Для мяне гэтая аповесць Гарэцкага – дакумент эпохі. Не кожны год адбываюцца рэвалюцыі і войны, спробы стварыць незалежную Беларусь. Гэта складана паказаць на сцэне, таму мы звяртаемся да кінахронікі, паказваем на экране шмат фотаздымкаў. Дзеянне перанесена ў фотаатэлье, бо пачатак 20 стагоддзя – эпоха чорна-белай фатаграфіі. Мы ўвялі персанаж самога пісьменніка, выкарыстоўваем у спектаклі здымкі і дакументы з архіва Радзіма Гарэцкага – пляменніка Максіма Гарэцкага, былога віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук БССР.


Дэкарацыі і касцюмы да спектакля рабіў народны мастак Беларусі Барыс Герлаван. Музыку напісаў Андрэй Зубрыч. Харэограф пастаноўкі – Наталля Карчэўская. Стварэннем відэакантэнту займаўся Сяргей Тарасюк.

У пастаноўцы задзейнічаная амаль уся мужчынская частка трупы, студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, дзеці з тэатральных студый – агулам каля 40 чалавек. У ролі Ігната Абдзіраловіча – Раман Падаляка. У ролі Васіля – малады купалавец Іван Кушнярук. Максіма Гарэцкага ўвасобіў на сцэне Аляксандр Паўлаў.


У спектаклі таксама задзейнічаныя Кацярына Алейнікава, Святлана Анікей, Павел Астравух, Марына Гардзіёнак, Валянціна Гарцуева, Марта Голубева, Ігар Дзянісаў, Андрэй Дробыш, Крысціна Дробыш, Дмітрый Есяневіч, Аляксандр Зелянко, Міхаіл Зуй, Андрэй Кавальчук, Максім Карасцялёў, Мікалай Кірычэнка, Мікалай Кучыц, Георгій Маляўскі, Тамара Міронава, Аляксандр Падабед, Арнольд Памазан, Вячаслаў Паўлюць, Ігар Пятроў, Уладзімір Рагаўцоў, Сяргей Рудэня, Ігар Сігоў, Алена Сідарава, Дзмітрый Тумас, Сяргей Чуб, Юлія Шпілеўская, Павел Яскевіч.


Бліжэйшыя паказы адбудуцца 8 і 11 мая. Спектакль ідзе на беларускай мове. Пры жаданні для гледачоў даступны сінхронны пераклад на англійскую і рускую мовы. На сайце тэатра ў раздзеле “Афіша” пазначана мова перакладу на кожны асобны паказ.