"Крышталёвы туфлік" - рыхтуецца прэм'ера!

04 кастрычніка
"Крышталёвы туфлік" - рыхтуецца прэм'ера!

Купалаўскі тэатр вяртаецца да традыцыі дзіцячых спектакляў. На Вялікай сцэне рэжысёр Сяргей Кавальчык рыхтуе прэм’еру – баль-маскарад “Крышталёвы туфлік” паводле твораў Шарля Перо, Яўгена Шварца і Тамары Габэ.




 
Прэм'ера спектакля адбудзецца 12 лістапада ў 11.30. Звяртаем Вашу ўвагу, што абодва прэм'ерныя паказы ў лістападзе ранішнія.

Аўтар ідэі – сам Сяргей Кавальчык. На беларускую мову тэкст пераклаў Ігар Скрыпка. “Чаму тры аўтары? Я выкарыстаў найбольш дасціпныя і дынамічныя моманты з тэкстаў Шварца і Габэ, захаваўшы казку Перо як сюжэтны стрыжань і адну з найбольш чулых версій гэтай напраўду вельмі старажытнай гісторыі”, – гаворыць Сяргей Кавальчык.

Мастак-сцэнограф пастаноўкі – Аляксандра Кавальчык. Згодна з яе задумай бутафорскі цэх тэатра паволі запаўняецца атрыбутамі казачна-каралеўскага жыцця. Ужо амаль гатовы гарбуз, значыць, з транспартам у Папялушкі ўсё будзе ў парадку.

Кульмінацыйны момант візуальнага боку гісторыі пра Папялушку – баль. Над касцюмамі працуе мастачка Марыя Герасімовіч.

 

 


 

“Каралевіч у нашай казцы – гэта такі рамантычны хуліган, які кідае выклік прыдворнаму жыццю і ўяўленням Караля пра будучыню свайго сына з усімі гэтымі дынастычнымі шлюбамі. Бо шлюб для каралёў – гэта сродак дасягнення ўлады, выгодная дамова. Але наш Каралевіч свабодны чалавек, які імкнецца да немагчымага – таго, чаго не могуць дазволіць сабе людзі каралеўскай крыві, і менавіта таму ён сустракаецца з такім самым свабодным чалавекам – Папялушкай. Іх каханне – каханне свабоднае”, – лічыць рэжысёр. 

 

 

Ролю Папялушкі рэпетуе Марта Голубева, ролю Каралевіча – Міхаіл Зуй. Мачаха – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Алена Сідарава, яе дочкі - Крысціна Казак і Дзіяна Камінская, Фея – Юлія Шпілеўская, а яе паж – Максім Карасцялёў. У ролі Караля – Мікалай Кучыц, Міністар-Радца – Ігар Пятроў, таксама ў спектаклі дэбютуе на Купалаўскай сцэне Таццяна Дзянісава.

 

 

 “Каманда спрацаваная, гэта людзі, у якіх я стоадсоткава ўпэўнены. Зараз Генадзь Фамін праводзіць пластычную рэпетыцыю, і я ведаю, што ўсё будзе адпрацвана на найвышэйшым узроўні. Музычнага кіраўніка пастаноўкі – Андрэя Іванова – я ўпершыню ўбачыў, калі ён дырыжыраваў аркестрам у Акадэміі музыкі. Аркестр у яго проста лётаў! Гэта было неверагодна, я адразу ж запрасіў яго да супрацоўніцтва”, – распавядае Сяргей Кавальчык. Вакальныя партыі будуць амаль ва ўсіх персанажаў, аранжыроўкі для іх стварае малады беларускі кампазітар Канстанцін Яськоў.

 

Рэжысёр гаворыць, што не абмяжоўвае ўзрост глядацкай аўдыторыі: “Умоўна кажучы, ад 4 да 16 гадоў, але абяцаю, што і дарослым будзе цікава. Дарослы тэатр (такі, як Купалаўскі) тым і займальны, што мы маем унікальную магчымасць узаемадзейнічаць з гледачамі, якія прыйдуць сюды пазней, глядзець ужо іншыя спектаклі. А “Крышталёвы туфлік”, па вялікім рахунку,– гэта казка пра перспектыву. І перспектыва гэтая скарылася Папялушцы – чалавеку працавітаму, з добрым сэрцам і залатымі рукамі, які жыве з гледзішча дабра для іншых. Яе душа пакутуе, але сэрца не чарсцвее. І такія людзі заслугоўваюць перспектывы”.

Падрыхтоўка спектакля ідзе поўным ходам, крышталёвыя туфлікі пакуль не гатовыя (ды і таямніцу захаваць варта), таму пакажам вам туфлікі Караля.