"Чайку" паказалі ў Маскве

29 лістапада
"Чайку" паказалі ў Маскве
Спектакль "Чайка" Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы 24 лістапада ўбачылі гледачы Масквы. 

Паказ адбыўся на сцэне Расійскага акадэмічнага Маладзёжнага тэатра (РАМТ) ў рамках пагаднення, заключанага ў мінулым годзе Міністэрствамі культуры Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Пагадненне прадугледжвае абменныя гастролі паміж буйнейшымі тэатрамі Беларусі і Расіі. У кастрычніку 2014 года Купалаўскі тэатр прымаў у сябе МХТ імя А. Чэхава са спектаклем “Дом” Сяргея Пускепаліса. Цяпер расійскія гледачы пазнаёміліся з “Чайкай” найстарэйшага драматычнага тэатра Беларусі. 

Нагадаем, “Чайка” – адна з апошніх прэм’ер у Купалаўскім. Упершыню спектакль быў прадстаўлены гледачам у сакавіку 2015 года. Рэжысёр – мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пінігін. Падрыхтоўкай дэкарацый і касцюмаў займаўся літоўскі сцэнограф Марыус Яцоўскіс. Мастак па святле – Мікалай Суркоў. Аўтар відэакантэнту для спектакля – Сяргей Тарасюк.

 – Мы добра ведаем Купалаўскі тэатр, таму, калі даведаліся, што будзе паказ тут, адразу вырашылі пайсці. Вельмі спадабалася! – падзяліліся ўражаннямі пасля паказу ў РАМТ гледачы Валянціна і Валерый. – Зараз мы часова жывем у Маскве, але заўсёды наведваем беларускі тэатр, калі маем магчымасць. А Купалаўскі – гэта ж наш нацыянальны тэатр, таму, натуральна, трэба ім ганарыцца. Пакуль жылі ў Мінску, часта хадзілі туды. З спектакляў Пінігіна бачылі “Пінскую шляхту”. Зараз радыя, што ўбачылі адну з апошніх прэм’ер. Так шчыра могуць толькі нашыя артысты граць!

 

Маскоўская публіка ўбачыла вядучых актораў купалаўскай сцэны: у ролі Аркадзінай – Заслужаную артыстку Рэспублікі Беларусь Зою Белахвосцік, Сорына сыграў народны артыст Беларусі Віктар Манаеў, Дорна – Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Падабед, Ніну Зарэчную – Валянціна Гарцуева, Трэплева – Аляксандр Казела, Трыгорына – Раман Падаляка, Машу – Вікторыя Чаўлытка, Медзвядзенка – Сяргей Рудэня.

 – Цікавы наватарскі вопыт, – выказалася глядачка Яна. – Традыцыйныя спектаклі па гэтай п’есе моцна адрозніваюцца ад таго, што мы ўбачылі, але на тое і ёсць вялікія рэжысёры, якія не баяцца паказаць свой твар у такіх складаных сучасных пастаноўках. Мне было цікава, з задавальненнем паглядзела. Артысты мне ўсе знаёмыя, была ў мінскім тэатры не раз. Прыемна яшчэ раз убачыць іх. 

Натуральна, у Мінску спектакль ідзе на беларускай мове з сінхронным перакладам на ангельскую. Спецыяльна для расійскіх гледачоў былі падрыхтаваныя субтытры на рускай мове.

 

 – Мне было вельмі прыемна паслухаць сваіх землякоў, узгадваў беларускую мову, якую вучыў у школе, – распавёў пасля спектакля глядач Мікалай Іванавіч. – Я родам з Гомельскай вобласці. Зараз жыву ў Бранску. Мяне запрасіла нацыянальна-культурная аўтаномія Расійскай Федэрацыя, бо я старшыня “Беларускага зямляцтва Браншчыны”. Вельмі спадабалася! У залі было мала беларусаў, але масквічы цёпла прынялі спектакль. Перадайце дзякуй усім, хто задзейнічаны ў ім.

 – Чэхаў як аўтар мне падаецца крыху іншым, але гэта сучасны погляд сучаснага рэжысёра. Інэрпрэтацыя п’есы не класічная, безумоўна. Але мне было цікава, – адзначыў глядач Малік. – Вельмі добра, што былі субтытры, дзе можна паглядзець пераклад таго, што незразумела.

 

 – Чэхава вельмі складана ставіць, – лічыць глядачка Ала. – І даволі складана паказваць маскоўскай публіцы, таму што яна разбэшчана рознымі пастаноўкамі, мае шмат прыкладаў для параўнання. Мяне вельмі ўразілі артысты! Асабліва хацелася б адзначыць Сорына. І афармленне сцэны – такое вытанчанае. Спектакль на сучасны лад, калі ўсе забіваюць адзін аднаго – маці сына, сын маці… І ўсё нейкія алегорыі сама- і ўзаемазабойства. Але ж мне падаецца, трэба шукаць і штосьці, што аб’ядноўвае людзей, ўсё ж такі паказваць і святло нейкае у цяперашні змрочны час.

Галерэя: