Галерэя драматургаў Беларусі

У самым сэрцы першага тэатра краіны, Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, дзе гукі сцэны і апладысментаў гледачоў зліваюцца ў адно цэлае, адкрылася галерэя выбітных беларускіх драматургаў. Гэта галерэя стане месцам агульнай памяці пра шматвяковыя традыцыі і імёны, што пакінулі след у гісторыі беларускага нацыянальнага мастацтва. 

Стварэнне гэтай галерэі — не проста даніна павагі, а крок у будучыню, імкненне захаваць і папулярызаваць спадчыну айчыннай драматургіі. Тут пададзены як заснавальнікі культуры, чые творы сталі пачаткам тэатральнага мастацтва, гэтак і драматургі канца ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя, чые галасы загучалі гучна і ярка ў нашай культурнай прасторы. Кожны з іх — гэта ўнікальная творчая гісторыя, асобны свет, поўны эмоцый і перажыванняў. 

Пры адборы асоб увага надавалася не толькі майстэрству і значнасці іх твораў, але і ўплыву на сучасную сцэну: айчынную і сусветную. Такім чынам сабралася калекцыя, якая стане жывым адлюстраваннем беларускай тэатральнай гісторыі, яе шматграннасці і багацця. 

З цягам часу ў галерэі будуць з'яўляцца новыя імёны, новыя гісторыі, што створыць унікальную хроніку беларускай драматургіі. Гэта стане знакам сталага развіцця і імкнення да новых вяршынь, натхняючы будучыя пакаленні аўтараў на стварэнне выбітных твораў.

Так, у сценах Купалаўскага тэатра, дзе пераплятаюцца мінулае і сучаснасць, будзе адбітак айчыннай драматургіі і духу нашага народа. Галерэя беларускіх драматургаў стане месцам наведвання для ўсіх, хто шануе мастацтва, хто імкнецца зразумець глыбіню чалавечай душы праз прызму тэатра. 

Гэта — наша агульная спадчына, наш гонар і наша будучыня.


ПРАВАЯ СЦЯНА
Адам Бернард Міцкевіч
24.12.1798 – 26.11.1855 
Беларускі паэт, публіцыст, асветнік, сябар таварыства філаматаў. Вядомы сваімі баладамі, паэтычнымі апавяданнямі: драмай «Дзяды» і паэтычнай эпапеяй «Пан Тадэвуш», якая прызнаная апошнім вялікім эпасам шляхецкай культуры.

Вінцэнт Іванавіч Дунін-Марцінкевіч
04.02.1808 – 29.12.1884 
Беларускі паэт, драматург, перакладчык, тэатральны дзеяч. Аўтар першай беларускай п’есы – “Ідылія” (“Сялянка”), сам яе паставіў і іграў у ёй жа. Распрацаваў новыя жанравыя формы – вершаванае апавяданне i аповесць, баладу. Заснавальнік нацыянальнай драматургіі, беларускага тэатральнага мастацтва, лічыцца першым класікам беларускай літаратуры.

Якуб Колас
(сапр: Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч)
03.11.1882 – 13.08.1956 
Беларускі пісьменнік, драматург, паэт і перакладчык. Народны паэт БССР, заслужаны дзеяч навукі БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР. Член і віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. У сваёй творчасці вызначаўся сімпатыяй да простага беларускага сялянства.

Янка Купала
(сапр: Іван Дамінікавіч Луцэвіч)
06.07.1882 – 28.06.1942 
Беларускі паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Народны паэт БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР. Акадэмік АН Беларусі, АН Украіны. Адлюстроўваў характар і светаразуменне беларускага народа, стварыў яркія вобразы сялянскага быту і гістарычнага мінулага. Яго жанрава-стылявыя формы сталі класічнымі асновамі беларускай лірыкі, эпасу, драматургіі і публіцыстыкі.

Васіль Уладзіміравіч Быкаў
19.06.1924 – 22.06.2003 
Беларускі пісьменнік, драматург, сцэнарыст і грамадскі дзеяч. Удзельнік Другой сусветнай вайны. Народны пісьменнік Беларусі. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа, Дзяржаўнай прэміі СССР, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа, Ленінскай прэміі. У сваёй творчасці асаблівую ўвагу надаваў падзеям ваеннага часу – Дугой сусветнай вайны і Вялікай Айчыннай вайны, даследаваў чалавечы характар ва ўмовах маральнага выбару.

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
26.11.1930 – 25.07.1984 
Беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, крытык, перакладчык, сцэнарыст. Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І.Мележа, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа. Адна з найбольш вядомых постацей у беларускай літаратуры другой паловы XX стагоддзя. Першы беларускі пісьменнік, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву.


ЛЕВАЯ СЦЯНА
Францішак Карлавіч Аляхновіч
09.03.1883 – 03.03.1944 
Беларускі драматург, празаік, паэт, публіцыст, тэатральны дзеяч. Заснавальнік Купалаўскага тэатра. П’есы Францішка Аляхновіча актыўна ставіліся аматарскімі і паўпрафесійнымі калектывамі Беларусі, Латвіі, Чэхіі і найбольш трупай Уладзіслава Галубка (цяпер – Коласаўскі тэатр). За плённую працу Францішка Аляхновіча яшчэ пры жыцці яму прысвоілі званне «бацькі найноўшай беларускай драматургіі».

Кандрат Крапіва
(сапр: Кандрат Кандратавіч Атраховіч)
05.03.1896 – 07.01.1991 
Беларускі пісьменнік, паэт, сатырык, драматург, байкапісец, перакладчык, грамадскі дзеяч, літаратуразнавец. Народны пісьменнік БССРзаслужаны дзеяч навукі БССР, тройчы лаўрэатр Дзяржаўнай прэміі СССР, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы. Герой Сацыялістычнай Працы. Акадэмік АН БССР, доктар філалагічных навук. Заслужаны дзеяч навукі БССР. Майстар камедыйнага жанру, п’есы адлюстроўвалі рэчаіснасці і ўзнімалі актуальныя пытанні.

Андрэй Ягоравіч Макаёнак
12.11.1920 – 16.11.1982 
Беларускі драматург, рэдактар, сцэнарыст. Народны пісьменнік БССР. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы, Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа. Аўтар кінааповесці “Твой хлеб”, сцэнарыяў фільмаў (“Шчасце трэба берагчы”, “Кандрат Крапіва”, “Рагаты бастыён”, “Пасля кірмашу”. Пісаў творы сацыяльна-палітычнай накіраванасці, якія характарызуюцца сатырычнымі камедыямі, мастацкай тыпізацыяй, абагульненасцю персанажаў.

Іван Паўлавіч Мележ
08.02.1921 – 09.08.1976 
Беларускі пісьменнік, паэт, драматург, публіцыст. Аўтар трылогіі «Палеская хроніка» («Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі, снежань»), якая лічыцца беларускай нацыянальнай эпапеяй. Народны пісьменнік Беларусі. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа, Ленінскай прэміі, Дзяржаўнай прэміі БССР. Лічыцца пісьменнікам сучаснасці, бо добра і праўдзіва паказваў побыт і клопат людзей межаў ХХ – ХХІ стагоддзяў.

Іван Пятровіч Шамякін
30.01.1921 – 14.10.2004 
Беларускі пісьменнік, драматург, публіцыст, рэдактар. Народны пісьменнік Беларусі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа, Літаратурнай прэміі Міністэрства абароны СССР, Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне мастацтва, кінематаграфіі, радыё і тэлебачання. Герой Сацыялістычнай Працы. Член-карэспандэнт АН БССР.

Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў
21.12.1934 – 05.01.1996 
Беларускі пісьменнік, драматург, грамадскі дзеяч. Народны пісьменнік Беларусі. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А.Фадзеева, Дзяржаўнай прэміі БССР. Кавалер Ордэну Дружбы народаў. Адзін з аўтараў сцэнарыю серыяла “Руіны страляюць…”. У творчасці перадаваў праўду суровага ваеннага часу, выпрабаванняў пакалення.

Аляксей Ануфрыевіч Дудараў
06.06.1950 – 27.02.2023 
Беларускі пісьменнік, драматург, перакладчык. Вядомы як драматург і кінадраматург. Лаўрэат прэмій Ленінскага камсамола Беларусі, Ленінскага камсамола, Дзяржаўнай прэміі СССР. Паводле сцэнарыяў Аляксея Дударава пастаўлены кароткаметражныя і мастацкія фільмы («Суседзі», «Белыя росы» і інш.). Аляксей Дудараў вельмі актыўна працаваў у жанры гістарычнай драмы. Пераклаў на беларускую мову хроніку Уільяма Шэкспіра «Рычард III».