115 гадоў цудоўнаму перакладчыку, паэту Юрку Гаўруку!

06 мая
115 гадоў цудоўнаму перакладчыку, паэту Юрку Гаўруку!
Ён пачаў працаваць у Купалаўскім тэатры ў 1957 годзе адразу пасля вяртання з 20-цігадовай ссылкі. Быў памочнікам галоўнага рэжысёра па літаратурнай частцы. Яго добра памятаюць артысты старэйшага пакалення.

Народная артыстка Беларусі Зінаіда Зубкова пра Юрку Гаўрука:
"Высокі, хударлявы, сівы, з надзвычай белым тварам. Заўсёды ахайны. Неверагодны эрудыт. Па тым як размаўляў, як хадзіў, сядзеў, заўсёды была бачна ўнутраная шляхетнасць. Меў такую "гарошынку" — асаблівасць у маўленні. Заўсёды быў адзін, неяк “над намі”. Глядзеў іншымі вачыма на свет. Як паэт".
Купалаўцы згадвалі Гаўрука як выдатнага знаўцу і аматара мілагучнасці беларускай мовы. На рэпетыцыях ён запісваў на дошку словы, якія артысты вымаўлялі няправільна, і пазней рабіў праўкі.
Заслужаны артыст РБ Фама Варанецкі сябраваў з Гаўруком: "Па-беларуску Гаўрук размаўляў заўсёды – і нават у Сібіры, на пасяленні ў Мурманскім краі".

У 1946 годзе, атрымаўшы першую магчымасць прыезду ў разбураны Мінск, Юрка Гаўрук цёпла сустрэўся з Якубам Коласам, які ў 1947 годзе даслаў на Поўнач ліст з мудрай парадай не адыходзіць ад літаратуры, быць самім сабою і верыць у будучыню. Паводле ўспамінаў Гаўрука, з гэтага ліста пачалося яго літаратурнае адраджэнне.

У бягучым рэпертуары Купалаўскага тэатра ідзе пастаноўка "Кароль Лір" паводле У.Шэкспіра ў перакладзе Юркі Гаўрука (рэжысёр Мікалай Пінігін).

На фота: Кузьма Чорны і Юрка Гаўрук. 1927 год.