115 гадоў з дня нараджэння вялікай артысткі Стэфаніі Станюты!

13 мая
115 гадоў з дня нараджэння вялікай артысткі Стэфаніі Станюты!
Імя Стэфаніі Станюты з цягам часу набыло шмат ганаровых эпітэтаў: “жывая гісторыя тэатра”, “чалавек-легенда”, “талісман купалаўцаў”. Усе яны верныя. Але і гэтых высокіх вызначэнняў не хапае, каб дакладна перадаць і сонечны чалавечы вобраз, і дзівосны акцёрскі дар, і ўнікальны чалавечы лёс купалаўскай артысткі.

Нарадзілася Стэфанія Міхайлаўна 13 траўня (30 красавіка) 1905 г. у Мінску. У 1926 г. скончыла Беларускую драматычную студыю ў Маскве (мастацкі кіраўнік В.Смышляеў) і пачала сцэнічную дзейнасць у 1919 г. у Першым беларускім таварыстве драмы і камедыі. Працавала ў беларускім дзяржаўным тэатры (з 1920), БДТ-2 (тэатр імя Я.Коласа, з 1926). З 1931 — у БДТ-1 (Купалаўскі тэатр).

Вялікая артыстка з вельмі простай і прыгожай душой. Непаўторныя вобразы, якія раскрываліся на тэатральнай сцэне і ў кіно, узмацняліся ўнутраным абаяннем Станюты. Няпростае жыццё правяло яе праз безліч падзей, праз вайну, эвакуацыю, але нягледзячы ні на што, Стэфанія захавала сваю вытанчанасць, інтэлігентнасць, арыстакратызм. За што так любілі яе гледачы, калегі і проста знаёмыя людзі

Яркая камедыйнасць і высокі драматызм, вострая сатырычнасць і паглыбленне ў псіхалогію шматграннага жаночага характару — усё гэта актрыса таленавіта выявіла ў шматлікіх ролях, якіх больш за 200: Зёлкіна (“Хто смяецца апошнім” К.Крапівы), пані Вашамірская (“Салавей”), Куліна Чарнушка (“Людзі на балоце” паводле І.Мележа), Арына Радзівонаўна (“Верачка” А.Макаёнка), Каргота (“Тры Іваны — тры браты” А.Вольскага), Глафіра (“Ваўкі і авечкі” А.Астроўскага), Эліза (“Скупы” Мальера), Дыяна (“Дурная для іншых, разумная для сябе” Лопеэ дэ Вегі), Гіза (“Гульня з кошкай” І.Эркеня), Бабуля (“Дзверы грукаюць” М.Фермо),Мод (“Гаральд і Мод” К.Хігінса і Ж.-К.Кар`ера)...

Упершыню ў кіно Станюта з’явілася яшчэ ў 1958 годзе. Сярод яе фільмаграфіі любімы многімі фільм “Белыя Росы”, стужкі “Людзі на балоце” “Родная справа”, “Цешча”, Памяць зямлі”, “Развітанне з Мацёрай”, “Трывожны месяц верасень”, “Слухаю, чую”, “Радуніца”, “Мама, я жывы”, “Чужая бацькаўшчына”...

"Станютка" – кажа пра яе і сёння народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч. Кожны з купалаўцаў можа распавесці сваю гісторыю пра Стэфанію Станюту. Вельмі характэрны для разумення атмасферы часу, у якім жыла Станюта – аўтограф Змітрака Бядулі, пакінуты для яе ў лістападзе 1923 г.: "На добрую памятку Стэфцы Станюце. Доўгі, доўгі, цярністы шлях нашага адраджэння. Шмат, шмат байцоў загінула на ім без пары. Распрасторыла дарогу Моладзі. Ідзіцё і Вы, маладая, поўная энергіі і сіл, на гэтым слаўным шляху. Імкнецеся і Вы к бязмежным высотам Хараства, к сьвятому гмаху Мастацтва. Шчасце праменіцца перад Вамі. Васількі і сонца".

Галерэя: