14 лютага спаўняецца 115 год з дня нараджэння народнага артыста Беларусі Уладзіміра Дзядзюшкі

14 лютага
14 лютага спаўняецца 115 год з дня нараджэння народнага артыста Беларусі Уладзіміра Дзядзюшкі
Уладзімір Дзядзюшка быў галубкоўскага гарту. Спецыяльнай тэатральнай адукацыі не меў, але вялікая жыццёвая і творчая школа, якую ён прайшоў, вандруючы з трупай Уладзіслава Галубка на працягу чатырнаццаці год па гарадах і вёсках Беларусі, стала яго мастацкай акадэміяй.
Затым, пачынаючы з 1923 г. Дзядзюшка працаваў у БДТ-3 у Гомелі да самага расфарміравання калектыву ў 1937-ым.

Уладзімір Дзядзюшка меў выдатную здольнасць да пераўвасабленняў. Мог іграць ярка і натхнёна, ці стрымана маляваць вобраз строга акрэсленымі фарбамі: Крыніцкі ў Купалавай "Паўлінцы", Крушына ў "Канстанціне Заслонаве" А.Маўзона, Пытляваны ў "Пяюць жаваранкі" К.Крапівы, Язэп у "Салаўі" Зм.Бядулі. У мове, у інтанацыях, у тэмпераменце яго персанажаў праяўляліся народныя беларускія рысы. Ігра была натуральнай, шчырай, сапраўднай, дзякуючы глыбокаму разуменню артыстам сваіх герояў.

За трыццаць шэсць гадоў працы ў Купалаўскім тэатры было сыграна шмат роляў у спектаклях "Даходнае месца", "Позняе каханне" А.Астроўскага, "Фландрыя" В.Сарду, "Каварства і каханне" Ф.Шылера, "Рамэо і Джульета" У.Шэкспіра, "Дзень цудоўных падманаў" Р.Шэрыдана ...

Званне народнага артыста ён атрымаў толькі ў 1971-м. Акцёр шкадаваў, што такая падзея ў ягоным жыцці здарылася так позна.

На адным са спектакляў Дзядзюшку падвяла памяць: забыў тэкст, ад хвалявання пачаў блытаць мізансцэны. Пасля гэтага ён сказаў жонцы, актрысе Таццяне Шашалевіч, што ў тэатр больш не вернецца. Неўзабаве, у сакавіку 1973 года, Уладзімір Дзядзюшка пайшоў з жыцця, а на памяць нам пакінуў разнастайныя абліччы сваіх выразных, своеасаблівых сцэнічных персанажаў.

(фота з архіва Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы).

Галерэя: