24 ліпеня – 85 гадоў з дня нараджэння народнага артыста Беларусі Генадзя Гарбука

24 Ліпеня
24 ліпеня  – 85 гадоў з дня нараджэння народнага артыста Беларусі Генадзя Гарбука

Больш за год, як  няма ў тэатры выдатнага самабытнага купалаўскага артыста.  Застанецца памяць, увасобленая ў запісах кінастужак, у фотаздымках, у інтэрв’ю, у сэрцах удзячных гледачоў.  

У Купалаўскім тэатры Гарбук праслужыў 56 гадоў і стаўся ягонай легендай, бо адпавядаў выразнаму архетыпу беларуса. “Нашы характары ён рабіў як ніхто”— згадвае пра сябра і калегу народны артыст СССР і Беларусі Генадзь Аўсяннікаў. А таксама: “Ён быў  вельмі сумленны ў сваёй справе... людзей шанаваў – глядзельню, артыстаў”.

...Застаўся ягоны малады, непадуладны ўзросту голас. Гарбук вельмі любіў спяваць! Як радасна і натхнёна спяваў ён з вялікай сцэны тэатра свае ўлюбёныя песні на вечарыне з нагоды 80-годдя! Паводле ўспамінаў артыста, любоў да музыкі і да сцэны нарадзілася ў ягонай душы, дзякуючы таленавітаму акардэаністу, які пасяліўся ў родных Ушачах пасля вайны і меў стары нямецкі акардэон (ці не той самы славуты Вельтмайстар?). 

Генадзь Міхайлавіч быў выдатным апавядальнікам. Таленавітым імправізатарам. Аматарам кніг і вандраванняў. Чалавекам з няпростым лёсам.

ГЕНАДЗЬ ГАРБУК ЗАСТАНЕЦЦА КУПАЛАЎЦАМ НАЗАЎСЁДЫ.

Галерэя: