На 72 годзе жыцця пакінуў гэты свет Кірычэнка Мікалай Міхайлавіч

14 Жніўня
На  72 годзе жыцця пакінуў гэты свет Кірычэнка Мікалай Міхайлавіч

14 жніўня 2018 года пайшоў з жыцця Народны артыст Беларусі Мікалай Кірычэнка. Адметны, любімы гледачамі і шматлікімі вучнямі Артыст і Настаўнік.

Мікалай Міхайлавіч валодаў незвычайным акторскім магнетызмам, які выпраменьвалі ягоныя вочы, ягоная інтанацыя, ягонае непаўторнае ўменне рабіць сэнсоўныя паўзы, ягоная іронія. Не заўважыць Кірычэнку было немагчыма. Ні на вуліцах горада, ні на сцэне. Гэтая адметнасць была падмацавана цалкам унікальнай “небеларускай” знешнасцю, то бок змяшэннем украінскай і армянскай крыві. А таксама адметным, яскравым тэмпераментам, які парадаксальным чынам праявіўся ў акторскім майстэрстве. Усе ягоныя “адмоўныя” героі валодалі магутнай чалавечай прывабнасцю і западалі ў душу. Урэшце, кожны ягоны вобраз на сцэне быў непаўторным і запамінальным.

За амаль палову стагоддзя Артыст сыграў больш за 90 роляў на Купалаўскай сцэне! Згадаем апошнюю кранальную ролю Васіля ў прэм’ерным спектаклі мінулага сезона “Зямля Эльзы” ў рэжысуры Алены Ганум. Рыцарская годнасць і пяшчота сталага чалавека накладаліся на вобраз самога артыста, які аддана і мужна іграў сваю ролю, будучы ўжо цяжка хворым.

Хочацца згадаць і магутнага цара Крэонта ў спектаклі “Антыгона” ў рэжысуры Мікалая Капульцэвіча. Як ягоныя маналогі трымалі ў трымценні сцішаную залу Камернай сцэны! Артыст вельмі любіў свайго Крэонта…

А ягоны Ягайла ў спектаклі “Князь Вітаўт”! Здаецца, менавіта ён быў галоўным персанажам на сцэне! І Васіль у “Вечары” ў выкананні Кірычэнкі надаваў цудоўнаму спектаклю Валерыя Раеўскага іншыя ноты і ракурсы.

А яшчэ – Карыцын, Менахем, Мнішак, Люнгстран, Джон, Ёран, Шлёма, Шэваль, Харлампій Спірыдонавіч Дымба, Кум, Яша, Падкаморы, Жабрак…  А таксама планы на новы спектакль паводле МакДонаха ў чарговым тэатральным сезоне. Няспраўджаныя планы і мары…  

Мікалай Міхайлавіч нарадзіўся ў сям’і кадравага афіцэра ва ўтульным беларускім гарадку Маладэчна амаль праз год пасля сканчэння вайны — 16 сакавіка 1946 года. Амаль “нелегальна” насуперак волі сям’і паступіў  у тэатральны інстытут, дзе патрапіў на курс народнага артыста БССР Дзмітрыя Аляксеевіча Арлова. Гэта сталася лёсам для цудоўнага артыста, яркага і мудрага чалавека Мікалая Міхайлавіча Кірычэнкі.

Пашана і ўдзячнасць выдатнаму Артысту!

Развітанне з Мікалаем Кірычэнкам пачнецца 16 жніўня а 10 гадзіне на Галоўнай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Грамадзянская паніхіда – а 12-й. Пахаваны артыст будзе на Маскоўскіх могілках Мінска.