На 83 годзе жыцця пайшоў з жыцця Барыс Луцэнка. Народны артыст Беларусі, былы рэжысёр Купалаўскага тэатра

05 лютага
На 83 годзе жыцця пайшоў з жыцця Барыс Луцэнка. Народны артыст Беларусі, былы рэжысёр Купалаўскага тэатра
Сёння, 5 лютага 2020 года, пайшоў з жыцця выбітны рэжысёр, народны артыст Беларусі, легенда беларускага тэатра Барыс Іванавіч Луцэнка.
Барыс Іванавіч працаваў у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы з 1967 па 1973 гг., а таксама з 1981 па 1982 год. Разам з Валерыем Раеўскім яны распачалі яркую, запамінальную і непаўторную эпоху ў гісторыі айчыннага тэатра. На сцэне нашага тэатра Барыс Іванавіч паставіў шэраг спектакляў: “Традыцыйны збор” В. Розава, “Рудабельская рэспубліка” С. Грахоўскага, “Памяць сэрца” А. Карняйчука, “Зацюканы апостал” А. Макаёнка, “Раскіданае гняздо” Я. Купалы, “Таблетку пад язык” А. Макаёнка. У 1982 годзе спектакль “Раскіданае гняздо” быў адноўлены, меў вялікі поспех у гледачоў, стаў адным з лепшых спектакляў Купалаўскага тэатра.

Барыс Іванавіч меў выключны рэжысёрскі і педагагічны талент, быў адданым і апантаным тэатрам чалавекам. У яго маленькім пакойчыку на паддашшы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Максіма Горкага было заўсёды цёпла, утульна і гасцінна. Барыс Іванавіч марыў стварыць свой “тэатр пад купаламі”. Пад “купал” Барыса Іванавіча трапіла шмат таленавітых і яскравых артыстаў, адданых гледачоў і прыхільнікаў, якія доўга будуць памятаць ягоныя спектаклі-споведзі.

Дзякуй за ўсё, дарагі Барыс Іванавіч. Мы захапляемся вашым рэжысёрскім талентам і вельмі любім вас як чалавека.

Цырымонія развітання з Барысам Іванавічам Луцэнкам адбудзецца 7 лютага ў 12:00 у глядацкім фае Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Максіма Горкага.

Галерэя: