17 красавіка – 120 гадоў з Дня нараджэння народнай артысткі Беларусі Лідзіі Ржэцкай

17 красавіка
17 красавіка – 120 гадоў з Дня нараджэння народнай артысткі Беларусі Лідзіі Ржэцкай
Будучая актрыса нарадзілася ў Мінску напрыканцы 19 стагоддзя(!) праз дзевяць гадоў пасля пабудовы ў Аляксандраўскім скверы Мінскага гарадскога тэатра. Вучылася ў Марыінскай жаночай гімназіі, а 1917 год сустрэла ў складзе Беларускага Таварыства драмы і камедыі, з якога і пачалася гісторыя будучага Купалаўскага тэатра. 
Творчая біяграфія Ржэцкай яскрава ілюструе старонкі няпростай гісторыі станаўлення беларускага тэатра. Маладая актрыса працавала на пляцоўцы “Беларускай хаткі” на Конным рынку (раён паміж тагачасных вуліц Захар’еўскай, Краснай і Камароўскай). Вучылася ў Маскве на вечаровых студыях Пралеткульта пад кіраўніцтвам Смышляева. Шмат працавала з украінскімі артыстамі. З 1921 года Лідзія Ржэцкая, таленавітая выхаванка славутага рэжысёра, драматурга і педагога Еўсцігнея Міровіча, ў трупе БДТ-1 (Беларускага дзяржаўнага тэатра). Яе калегамі былі Фларыян Ждановіч, Уладзімір Крыловіч, Глеб Глебаў, Уладзімір Уладамірскі... 
Пазней калега па Купалаўскім тэатры Зінаіда Браварская згадвала ў сваіх успамінах: “працаваць з такім мастаком, як Лідзія Ржэцкая, было вельмі цікава. Мне давялося сыграць шмат роляў у спектаклях, дзе партнёршай маёй была Лідзія Іванаўна. Яна валодала вялікай чуласцю, інтуіцыяй, пачуццём праўды”. Згадвае Ржэцкую і народная артыстка-купалаўка Марыя Захарэвіч: “Я магу лічыць яе сваёй сцэнічнай маці... Калі іграеш з ёй на сцэне, сама лепшай становішся. З ёй нельга наігрываць, нельга не жыць у вобразе, ёй абсалютна верыш. Гэта каштоўная якасць…”. 
Лідзія Ржэцкая праслужыла ў Купалаўскім тэатры больш за палову стагоддзя. Ролі ў п’есах Еўсцігнея Міровіча, Аляксандра Астроўскага, Кузьмы Чорнага, Змітрака Бядулі, Янкі Купалы, Кандрата Крапівы, Андрэя Макаёнка... – класіка нацыянальнай сцэны. 
Памерла Лідзія Ржэцкая ў кастрычніку 1977 года. Пахавана на мінскіх Усходніх могілках.

Галерэя: