Купалаўскі тэатр паказаў спектакль “Рэвізор” у Гомелі, які наведалі 488 гледачоў

06 снежня
Купалаўскі тэатр паказаў спектакль “Рэвізор” у Гомелі, які наведалі 488 гледачоў

3 снежня Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы наведаў з гастролямі горад Гомель і паказаў на сцэне Гомельскага абласнога драматычнага тэатра спектакль “Рэвізор” у рамках міжнароднага фестываля “Славянскія тэатральныя сустрэчы”. Спектакль у рэжысуры мастацкага кіраўніка тэатра Мікалая Пінігіна прайшоў з аншлагам: пастаноўку ўбачылі 488 гледачоў.

Спектакль “Рэвізор” паводле п’есы Мікалая Гогаля здзівіў незвычайнай рэжысёрскай трактоўкай і самаіроніяй. Разынкай беларускага “Рэвізора” з’яўляецца пераклад: усе персанажы спектакля размаўляюць на трасянцы, а Хлестакоў – на літаратурнай беларускай мове. Дарэчы, у гэты вечар ролю Хлестакова ў спектаклі выканаў ураджэнец гомельшчыны Павел Харланчук-Южакоў. Таксама галоўныя ролі выконвалі – Віктар Манаеў, Зоя Белахвосцік, Дзіяна Камінская.

З нагоды 100-га тэатральнага сезона Купалаўскі тэатр пашырае мапу гастроляў па Беларусі і за мяжой. 5-6 снежня камедыя “Ураджай” пройдзе ў Парыжы. 7 снежня знакавы спектакль “Вечар” рэжысёра Валерыя Раеўскага будзе паказаны ў Салігорску ў Палацы культуры з нагоды 100-гадовага юбілея народнай артысткі СССР Галіны Макаравай. А 19 студзеня 2020 года “Рэвізор” будзе прадстаўлены на сцэне Рускага драматычнага тэатра ў Літве.