„Тата“. Адбылася прэм’ера

Пасля смерці таты (Генадзь Гарбук, Генадзь Аўсяннікаў) Аляксандр (Раман Падаляка, Сяргей Рудэня) вяртаецца жыць у бацькоўскі дом, каб той не пуставаў. Але старэйшыя сёстры (Зоя Белахвосцік, Яўгенія Кульбачная, Юліяна Міхневіч, Алена Сідарава, Вольга Няфёдава, Вікторыя Чаўлытка, Святлана Анікей, Марына Гардзіёнак) настойваюць на продажы гэтай сціплай спадчыны. Блізкія калісьці людзі спрабуюць падзяліць дом, дзе яны выраслі і дзе пад страхой яшчэ ляжаць ключы, што заўжды пакідалі ім бацькі.Толькі сына хвалюе зусім іншае пытанне – ці любіў яго бацька. У пошуках адказу герой вагаецца паміж сном і явай. І кожную ноч сустракае бацьку, які тлумачыць сыну, што галоўнае, каб вада ў калодзежы каля старога дома заўсёды заставалася чыстай.

— Важна, што ў п’есе можна правесці аналогіі паміж пытаннем узаемаадносін бацькоў і дзяцей, беражлівых адносін да сямейных каштоўнасцяў і пытаннем стаўлення да нашай гісторыі на нацыянальным узроўні, – кажа рэжысёр Кацярына Аверкава. — Што такое наш дом, наша мінулае, чаму важная сувязь з ім?
На гэтыя вечныя тэмы дыялог з гледачом вядзецца з дапамогай сучасных тэхналогій — героі рухаюцца па сцэне паміж відэаэкранаў на спецыяльных платформах, якімі кіруюць з дапамагой радыёсігналаў.