Купалаўскі тэатр прэзентаваў першы выпуск новага выдання “Купалаўскі часопіс” падчас прэс-сняданку ў гатэлі “Еўропа”

02 снежня
Купалаўскі тэатр прэзентаваў першы выпуск новага выдання “Купалаўскі часопіс” падчас прэс-сняданку ў гатэлі “Еўропа”
29 лістапада 2019 года а 10.00 у гатэлі “Еўропа” адбылася прэзентацыя першага нумара “Купалаўскага часопіса”. Падчас прэс-сняданку генеральны дырэктар Павел Латушка распавёў пра новыя праекты тэатра, якія тэатр рэалізуе ў 100-м сезоне, мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін падзяліўся пастановачнымі планамі, а загадчыца літаратурна-драматургічный часткі Вольга Бабкова распавяла пра новае выданне пад назвай “Купалаўскі часопіс”, якія тэатр прэзентаваў усім гасцям прэс-сняданка. Вельмі прыемны і смачны штуршок – смачная яечня ад шэф-повара Дзмітрыя Садоўскага.

Наш буклет выглядае як вельмі стылёвае сучаснае выданне – глянец, 80 старонак, шмат ілюстрацый і фотаздымкаў, крэатыўная вёрстка. І галоўнае – самыя цікавыя нататкі, фотаздымкі і эскізы з самых гушчаў нашага архіва, прэм’еры 100-га сезона, інтэрв’ю Мікалая Пінігіна, Паўла Латушкі і цудоўнай юбіляркі Зоі Белахвосцік, “карацелька” ад Генадзя Аўсяннікава, закуліссе, гастролі, тэатральная паўсядзённасць і шмат чаго іншага.

Падчас прэс-сняданку дырэктар гатэля “Еўропа” Алег Ярмола і генеральны дырэктар Купалаўскага тэатра Павел Латушка падпісалі дамову аб інфармацыйным супрацоўніцтве дзвюх устаноў. У рамках гэтай дамовы госці “Еўропы” змогуць набываць квіткі на спектаклі Купалаўскага тэатра і карыстацца паслугай сінхроннага перакладу на англійскую ці рускую мову бясплатна.

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы з нагоды святкавання сотага сезона працягвае пашыраць межы і адкрывацца для дарагіх гледачоў, прыхільнікаў, аматараў, журналістаў, тэатразнаўцаў і абсалютна ўсіх, хто ўвесь гэты час быў побач. Бо тэатр сёння – з’ява больш шырокая, чым пастаноўка спектакляў. Купалаўскі тэатр усе гэтыя 100 сезонаў быў побач, фізічна і ментальна, бо гэта наша сапраўдная легенда і каштоўнасць, а гістарычны будынак у самым сэрцы Мінска звязаны ў кожнага з нас з асабістымі пачуццямі, пачынаючы з самага дзяцінства.

Купалаўскі тэатр – першы і адзіны драматычны тэатр у Беларусі, які пачаў выпускаць сваё выданне. Мы вельмі спадзяемся, што гэты першы нумар у сотым сезоне – толькі пачатак нашага вялікага шляху, які мы з удзячнасцю працягнем, дзякуючы вашай падтрымцы, натхненню і любові, бо без гледача тэатр немагчымы. Мы жадаем пісаць для вас і пра вас. Давайце ствараць гісторыю галоўнага драматычнага тэатра ў краіне разам!

Галерэя: