Фотавыстава Максіма Карасцялёва "Непарад"

20 сакавіка
Фотавыстава Максіма Карасцялёва "Непарад"

“Тыдзень тэатра” ў Купалаўскім усё бліжэй, і мы працягваем расказваць вам пра нашыя імпрэзы.

Вельмі знакава, што святочны тыдзень пачнецца з фотавыставы нашага маладога актора Максіма Карасцялёва, які на пряцягу двух год захоўваў на фотастужцы самы каштоўны скарб нашага тэатра – актораў. Адкрыццё фотавыставы "Непарад" адбудзецца 27 сакавіка а 19 гадзіне на Камернай сцэне Купалаўскага тэатра.

Купалаўцы жывуць і дыхаюць сваёй справай, а некаторыя з іх ужо на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў дзелюцца сваімі эмоцыямі з гледачамі. Фотаздымкі Максіма Карасцялёва паказваюць нам актораў у нефармальнай атмасферы у тыя моманты, калі знакамітасці становяцца звычайнымі людзьмі са звычайнымі шчырымі захапленнямі і справамі.

На фотаздымках – мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін у сваёй дамашняй майстэрні, акторы Зінаіда Зубкова і Павел Харланчук у купалаўскіх грыбах, Раман Падаляка і Міша Зуй на здымках свайго фільма «Ягор» і нават апошнія фотаздымкі народнага артыста Генадзя Гарбука.

Уваход на выставу бясплатны. Каб прыняць удзел у адкрыцці фотавыставы, неабходна зарэгістравацца.