"Гэта псіхалагічны тэатр у чыстым выглядзе": рэжысёр Віталь Краўчанка пра прэм'ерны спектакль "Вешальнікі"

09 студзеня
"Гэта псіхалагічны тэатр у чыстым выглядзе": рэжысёр Віталь Краўчанка пра прэм'ерны спектакль "Вешальнікі"

Да прэм'еры застаецца ўсё менш часу, а столькі пытанняў яшчэ ахутаныя таямніцай. Мы пагутарылі з рэжысёрам спектакля «Вешальнікі» Віталём Краўчанкам пра дакументальную аснову, акцёрскія задачы, распіццё алкагольных напояў на сцэне і, натуральна, пра тое, як правільна павесіць чалавека ў Купалаўскім тэатры.

П’еса Марціна МакДонаха “Вешальнікі” заснаваная на рэальных падзеях?

Нельга казаць, што п’еса цалкам заснаваная на рэальных падзеях. Гэта не дакументальны твор. Але падставай для напісання стала рэальная рэзанансная ў Вялікабрытаніі судовая справа, якая атрымала назву “А6”. Сутнасць яе была ў вельмі спрэчным вынясенні смяротнага прысуду чалавеку за забойства.  Джэймса Хэнраці павесілі, нягледзячы на тое, што падчас судовага разбіральніцтва быў дапушчаны шэраг памылак, а віна яго выклікала ў грамадскасці сумнеў.  Сумнеў змяніўся гневам: англічане выйшлі на вуліцы з пратэстамі. У выніку спачатку быў уведзены мараторый на смяротнае пакаранне, а пасля і поўная яго адмена на ўсёй тэрыторыі Вялікабрытаніі. Падзея была настолькі важнай для брытанскага грамадства, што нават Джон Ленан з Ёка Она знялі дакументальны фільм і напісалі пра справу “А6” песню. Акурат з гэтага павешання Хэнраці, які ў п’есе атрымаў імя Хэнэсі, МакДонах і пачынае сваю чорную камедыю. Таксама ў спектаклі гэтая падзея, што адбылася ў 1963 годзе, з’яўляецца пралогам. А затым дзеянне пераносіцца ў 1965 год, у той самы дзень, калі было скасаванае смяротнае пакаранне.

1 фото.jpg

Як будзе выглядаць прастора сцэны?

Дзеянне п’есы адбываецца ў невялікім правінцыйным пабе. Нягледзячы на парадаксальнасць, калізіі і персанажы аўтарам выпісаны вельмі рэалістычна, на мяжы з побытам. Таму хацелася і на сцэне адбудаваць інтэр’ер, набліжаны да сапраўднай англійскай піўнухі. Гары Уэйд – не толькі вешальнік. Яго на павешанні выклікалі, а так ён, як і некаторыя іншыя ягоныя калегі-вешальнікі, трымаў свой паб. Меў свой паб і яшчэ адзін герой п’есы – Альберт П'ерпойнт, дарэчы, адзіны вешальнік у гісторыі, які сапраўды насіў тытул “галоўны вешальнік Вялікабрытаніі”. У п’есе ён выступае пад сапраўдным імем. Менавіта з П'ерпойнтам спаборнічае Гары Уэйд, вешальнік нумар два. Два кáты і два гаспадары пабаў. Таму, натуральна, дэкарацыі, створаныя мастаком Барысам Герлаванам, і будуць уяўляць сабой інтэр’ер паба, дзе людзі п’юць піва, вядуць размовы, абмяркоўваюць апошнія плёткі і вешаюць чалавека.

У спектаклі будзе павешанне? Як вы збіраецеся гэта зрабіць з жывым артыстам?

Так, будзем вешаць. І ўсё амаль натуральна. Вяроўка, пятля і іншыя прыстасаванні. Насамрэч, трук тэхналагічна вельмі не просты,  артыст павінен застацца жывым. Мы над гэтым працуем, трэніруемся. Але перад сабой, перад пастановачнай групай я стаўлю задачу, каб павешанне выглядала як мага больш натуральна... Калі мы гаворым пра праблему жыцця і смерці, пра пазбаўленне чалавека жыцця, дык і гледачы павінны адчуць, перажыць хоць на імгненне, хоць крыху тое, што адчувае чалавек у свае апошнія хвіліны, секунды. І асабліва тады, калі ён невінаваты. Што ж мы адчуваем, ці здольныя адчуць трагедыю іншага, якая пакуль што нас не тычыцца?! І гэта шок не дзеля шоку, а дзеля далейшага роздуму, асэнсавання. Абыякавым тут нельга заставацца.  Мы і так апошнім часам па жыцці ўцякаем ад рэчаіснасці і занурваемся ў сацыяльныя сеткі, лёгкажанравыя серыялы, фільмы і не заўважаем, як вакол нас адбываюцца сапраўдныя жахі, а нам прасцей ад іх схавацца і ўцячы, чым звярнуць на гэта ўвагу і нешта зрабіць для таго, каб гэта не паўтаралася. У гэтым спектаклі, з такой пастаноўкай праблемы мне падаецца вельмі важны рэалізм ва ўсім.

Але ж спектакль вы вырашаеце ў жанры чорнай камедыі. Так прынамсі пазначана на афішы. Будзе смешна? Ці толькі страшна?

Так, гэта – чорная камедыя і ў аўтара. Жанр, канешне, на аматара, але абыякавых не застанецца. Чорная камедыя добрая тым, што, калі хочаш плакаць, знойдзеш месца дзе паплакаць, а хочаш смяяцца – ёсць дзе і пасмяяцца. Будуць такія зоны і ў нашым спектаклі. Але смех у чорнай камедыі асаблівай якасці. Тут чорны гумар, пасля яго наступае горыч. Мы ж і ў жыцці нярэдка іранізуем, кпім, нават на мяжы з цынізмам, над вельмі сур’ёзнымі з'явамі, улучна са смерцю, іранізуем нават тады, калі трэба плакаць, заглушаем боль гумарам. Думаю, ці не кожны адчуваў і прыступ смеху нават на пахаваннях. Зрэшты, гумар існуе і дзеля адмаўлення гвалту. У нас гвалту таксама не будзе, замест яго ўзнікне горкая ўсмешка. Для мяне ў чорнай камедыі галоўны момант той, калі пасля смеху надыходзіць усведамленне недарэчнасці самога смеху, вінаватасці за яго, бо смяяліся мы над звышсур’ёзным.  Тут смех не дзеля пацехі, а дзеля рэзкага адмаўлення цынізму ў стаўленні да жыцця і смерці. Чорная камедыя – гэта тонкая мяжа паміж драмай, камедыяй, трагедыяй.

2 фото.jpg

Якія задачы ты ставіў перад акцёрамі?

Гэта не фармальная пастаноўка, тут няма перавагі формы. Гэта псіхалагічны тэатр у чыстым выглядзе. І, бадай што, самае складанае для акцёраў, а для мяне самае цікавае – гэта занурэнне ў прапанаваныя абставіны: што адчувае чалавек, якому, напрыклад, да канца жыцця застаецца літаральна чатырнаццаць секунд. Як паводзіць сябе чалавек, які цудоўна ўсведамляе, што вось за ягонай спінай адчыніліся дзверы, шэсць ці восем крокаў, і яго больш няма. Дзякуй Богу, мы не можам ведаць гэтага пры жыцці і сказаць, як гэта павінна адбывацца. Мы можам сабе нафантазіраваць, што можа быць.

Калі казаць пра павешанні, то ніхто не ведае канкрэтнага дня, калі прысуд будзе здзейснены. Але вядомая гадзіна: павешанні адбываліся кожную раніцу а восьмай. І вось штоночы чалавек адлічвае кожны ўдар царкоўнага звона да васьмі, чакаючы, што з восьмым ударам адчыняцца дзверы. Не адчыняюцца? – чалавек разумее, што ў яго ёсць яшчэ 24 гадзіны, ён жывы. Так можа працягвацца два, тры гады, колькі заўгодна. І вось ты лічыш да васьмі, ззаду адчыняюцца дзверы, і ты разумееш, што да канца твайго жыцця засталося літаральна восем крокаў. Адчуць, сыграць такі стан – гэта, бадай што, адна з самых складаных задач для акцёра ў гэтым спектаклі.

Таксама, канешне, складаная задача стаіць перад галоўным героем, Гары Уэйдам. Таму што любы чалавек, якую б працу ён ні рабіў, у першую чаргу, – чалавек. Ён таксама любіць, кахае і гэтак далей. І як яму не ператварыцца проста ў вешальніка? Проста ў забойцу? Не менш складаная задача стаіць і перад выканаўцай ролі жонкі вешальніка. Муж прыязджае з павешання і кладзецца з ёй у адзін ложак. І жонка ведае, чым ён займаецца. Што павінна адчуваць жанчына, калі да яе дакранаецца чалавек, які літаральна гадзіну, дзве, тры, ці нават колькі месяцы таму надзеў іншаму чалавеку пятлю на шыю і апусціў рычаг? А што павінна адчуваць дачка, бацька якой працуе вешальнікам? Няма відавочнага і адназначнага падзелу на дабро і зло. Перад акцёрамі паўстаюць вельмі складаныя задачы, але менавіта тым яны і цікавыя. За гэта я люблю МакДонаха. Таму што МакДонах не дае канкрэтных адказаў на пытанні, бо разумее, што ў самім жыцці няма канкрэтных адказаў, хто добры, а хто дрэнны? Як і смяротнае пакаранне, для адных – гэта добра, для іншых дрэнна…

Я стаўлю, так бы мовіць, акцёрскі спектакль. МакДонах дазваляе такое рабіць. Ён вельмі падрабязны ў раскрыцці псіхалагічных станаў герояў. Мне здаецца, псіхалагічны тэатр і тэатр у яго традыцыйных формах у прынцыпе, незалежна ад краіны, не мае шанцаў быць не ў модзе. Таму што традыцыя – гэта тое, што яднае, трымае нас у акрэсленым культурным полі. Калі казаць пра пастаноўку спектакля “Вешальнікі”, то я хачу, каб гэта быў перадусім псіхалагічны тэатр. Любы пастановачны ход мусіць быць апраўданы акцёрамі. Мы стараемся максімальна заглыбіцца ў характары, што раскрываюцца, як у побытавых, гэтак і ў таямнічых, а то і парадаксальных абставінах, выдатна сканструяваных МакДонахам. Зрэшты, МакДонах для мяне той аўтар, які патрабуе падрабязнага існавання, ці, як часам кажуць, жыцця акцёра на сцэне.

3 фото.jpg

Як будзе гучаць з беларускай сцэны вельмі своеасаблівы тэкст МакДонаха? Звычайна, МакДонах не шкадуе моцных слоўцаў, як Вы працавалі з імі?

Так, у перакладах фільмаў МакДонаха на рускую мову, а мы іх і глядзім, звычайна зашмат гучыць гэтак званага мату. У беларускай традыцыі доўгі час рускага мату як лаянкі не існавала. Існавала брыдкаслоўе іншага кшталту:  рознага роду праклёны, але мацюкі неўласцівыя беларускай мове і гучаць, шчыра кажучы, не надта… Калі ў рускай мове моцнае слова можа выклікаць смех там, дзе трэба, а часам і напужаць, то ў беларускай мове гэта толькі рэжа вуха. Таму вялікай неабходнасці ў мацюках у нашым беларускім варыянце я не бачу, часам яны сустракаюцца, але толькі ў тыя моманты, калі без іх не абысціся. Перакладчыца Марыя Пушкіна перажывала: “Як так, чаму ты папрыбіраў лаянку?”. Ну, таму што сапраўды, пачыталі мы спачатку тэкст у перакладзе на рускую мову, з гэтымі мацюкамі... Адзін раз добра, а ўжо калі паўтараецца, гэта выклікае не тую рэакцыю, якую хацелася б. Яны звяртаюць на сябе шмат увагі, а галоўнае не гэта.

Галоўны герой, вешальнік Гары Уэйд, чалавек добры ці дрэнны?

А ці можна сказаць пра чалавека, які прыводзіць у выкананне прысуд, непасрэдна здзяйсняе смяротнае пакаранне, што ён добры ці дрэнны? Ён падпарадкоўваецца правасуддзю. Калі суд гаворыць, што ён павінен павесіць гэтага чалавека, ён яго вешае, такая ў яго праца. І гэтую працу хтосьці мусіць рабіць. Іншая справа, што ў вачах іншых людзей ён можа выглядаць забойцам. Далей – у яго ёсць жонка: што гэта значыць, быць жонкай вешальніка? А яшчэ і дачка, як яна пачувае сябе адносна бацькі-вешальніка?

Сам жа Гары Уэйд вельмі любіць сваю працу і лічыць годным вешаць людзей. Гэта – прафесія. Чалавек з раніцы прачынаецца, ідзе праверыць пошту і знаходзіць у скрынцы ліст, у якім напісана: “Шаноўны Гары Уэйд, чакаем вас вось у такім горадзе, а восьмай гадзіне, на пакаранне”. Ён выпраўляецца у той ці іншы горад, вешае асуджанага, атрымлівае за выкананую працу свае 15-20 фунтаў і вяртаецца дамоў, за барную стойку, дзе яго чакаюць заўсёднікі, якія прыходзяць у ягоны паб толькі таму, што ён вешальнік і для іх гэта ледзь не атракцыён: сапраўдны вешальнік трымае паб.

Мы не імкнемся адназначна ацаніць гэтага героя. Ён у нас існуе ў розных абставінах: і на службе, і ў сям’і. Ён, як і ўсе людзі, розны.  І тым не менш пытанне ёсць: дзе і ў чым яго віна, ці яна ўвогуле існуе? А мо грамадства, дзяржава вінаватыя ў тым, што ён робіць такую чорную справу? Вельмі лёгка, вядома, перакінуць адказнасць на аднаго чалавека, але ён толькі выконвае прысуд, а адказнасць за павешанне, за саму магчымасць выносіць такія прысуды, мне здаецца, ляжыць на грамадстве ў цэлым, раз ужо яно дазваляе караць смерцю. Пры гэтым ніхто, я ў гэтым перакананы, ніхто не мае права пазбаўляць жыцця іншага чалавека. Ніхто. Гэта маё меркаванне, але ў спектаклі мы яго не навязваем, а востра ставім пытанне, даўно вырашанае ў Еўропе, і перад нашым грамадствам.