Гледачы віншуюць купалаўцаў з Днём тэатра

27 Сакавіка
Гледачы віншуюць купалаўцаў з Днём тэатра

27 сакавіка ва ўсім свеце адзначаецца Дзень тэатра. З гэтым святам Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы віншуе сваіх гледачоў, для якіх "тэатр" не проста слова ці не проста месца, дзе можна бавіць час. І ад іх жа прымае цудоўныя віншаванні!

Дар'я Лешчанка, менеджар кампаніі “Віаполь”:

 – Віншую ад усяго сэрца свой любімы тэатр імя Янкі Купалы! Натхнення, асалоды ад працы, удзячных гледачоў і менш цэнзурных забаронаў! З дзяцінства люблю беларускую літаратуру, таму, напэўна, мой самы любімы  тэатр – тэатр імя Янкі Купалы. Люблю чытаць нейкую кнігу, а потым глядзець па ёй спектакль і параўноўваць, ці так я ўсе сабе ўяўляла. Калі вучылася ў школе, магчымасцяў патрапіць у тэатр было няшмат. Таму, калі я прыехала вучыцца ў Мінск, першае, што зрабіла – набыла квіткі на спектакль “Чорная Панна Нясвіжа”. У галоўнай ролі была Святлана Зелянкоўская! З той пары я пераглядзела шмат спектакляў. Некаторыя ўжо па некалькі разоў – "Вечар", "Пінская шляхта", "Памінальная малітва", "Хам", "Ідылія"…. І абавязкова прыйду яшчэ!

 З спектакляў апошніх год вельмі спадабаліся “Людзі на балоце” (дарэчы, “Палесская хроніка “ – мая любімая кніга, таму спектакль гэты я вельмі чакала) і, канешне, "Пан Тадэвуш" (неверагодна, як можна вывучыць такі тэкст!) З камедый мне вельмі падабалася "Вячэра з прыдуркам", але больш люблю драматычныя спектаклі. Калі гаварыць пра самы-самы спектакль, то для мяне гэта, напэўна, “Вечар”, пасля якога нельга не думаць пра жыццё, нельга не плакаць.

Дарэчы, ў фірме, дзе я працую, няма прафсаюзу, але ж калектыўныя паходы ў любімы тэатр я час ад часу арганізоўваю. Дзякуй, дзякуй любімы тэатр!

Світлана Фадєєва, економіст:

 – Дозвольте, будь ласка, на українськiй мовi привiтати всiх працівників Нацiонального академiчного театру именi Янкi Купали з вашим професiйним Святом – Мiжнародним днем театру. Бажаю вам всього самого найкращого, нехай щастить кожному з вас.

Не втомлююся захоплюватися вашими постановками, талантом режисерів і акторів. Я народилась i зросла в Українi, з 1992 року живу в Мiнську. Вперше випадково потрапила до вашого театру, з тих часiв я вдячна глядачка і прихильниця вашої творчості. Білоруська і українська мови дуже схожі, тому я розумію білоруську мову. Щиро дякую вам за можливість доторкнутися до справжнього великого мистецтва.


Уладзімір Галак, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў:

 – Віншую адзін з маіх найбольш улюбёных тэатраў з прафесійным святам! Асабіста для мяне тэатр імя Янкі Купалы застаецца прыкладам сур'езнага і глыбокага тэатра. Заўсёды прыходжу сюды з трапятаннем і заміраннем сэрца. 

На маю думку, сама назва "купалаўскі", як паміж сабой па-простаму называць тэатр гледачы, стала ўжо адметным брэндам, сімвалам якасці айчыннага тэатральнага мастацтва. У гэтае свята жадаю усім купалаўцам плёну і натхнення!

Кацярына Копыш, мастачка, івэнт-менеджар Grand Fiesta Company:

 – З творчасцю Купалаўскага тэатра пазнаёмілася яшчэ ў дзяцінстве – на тэатральнай пастаноўцы «Князь Вітаўт» у Крэўскім замку. З радасцю ўзгадваю і студэнцкія гады - студэнтам творчых ВНУ можна было прыходзіць глядзець спектаклі, прад’яўляючы проста студэнцкі білет. І мы хадзілі! Часам і кожны дзень. Некаторыя спектаклі, паглядзела больш за пяць разоў. На любімы «Вечар» схаджу яшчэ столькі ж, таму што кожны раз атрымліваю новыя эмоцыі. Аднойчы нават пашчасціла глядзець «Вечар» побач з рэжысёрам спектакля Валерыем Раеўскім. Назірала за яго эмоцыямі, перажываннямі і слязамі. На гэты спектакль - заўсёды аншлаг!

Калі сябры пытаюцца, у які тэатр пайсці і што паглядзець, адказваю заўсёды аднолькава – усе спектаклі ў Купалаўскім! Зычу ўсім купалаўцам творчага натхнення, новых спектакляў і ўдзячных гледачоў!

Яўген Бачышчаў, кіраўнік аддзела кантролінгу “Атлант Тэлекам”:

 – Відавочная асаблівая місія Купалаўскага тэатра, якая праяўляецца ў разнастайнасці пастановак на нацыянальную тэму, у прынцыповай пазіцыі, датычнай беларускай мовы (нават Чэхаў ідзе па-беларуску). Напэўна, гэта важна з ідэалагічнага пункту гледжання і непазбежна для галоўнага драматычнага тэатра краіны, але мне як гледачу цікавыя і важныя іншыя перавагі тэатра. Я хацеў бы выказаць асаблівую падзяку за тое, што калектыў Купалаўскага на сённяшні дзень з'яўляецца самай прафесійнай трупай. Пры паўсюдным зніжэнні акцёрскага майстэрства, што кідаецца ў вочы, спробах падмяніць яго разнастайнымі прыёмамі, вельмі важна, што ёсць камертон, які нагадвае пра тое, якіх творчых вышынь здольны дасягнуць Акцёр. Прыемна, што гаворка ідзе не толькі пра майстроў, якія ўражваюць гледача цягам дзесяцігоддзяў, але і пра маладое пакаленне тэатра: Валянціну Гарцуеву, Аляксандра Казелу, Вікторыю Чаўлытка, Паўла Харланчука і іншых.

Пры ўсёй важнасці і каштоўнасці акадэмічнага майстэрства, тэатр немагчымы і нецікавы без творчага пошуку і славутых «новых формаў ». Асабіста я не чакаю ад галоўнага дзяржаўнага тэатра звароту да вострых, нязручных тэм, адкрытых эксперыментаў і выпрабавання гледача, але каштоўна тое, што мастацкае кіраўніцтва спрабуе ўнесці разнастайнасць у творчы працэс і ўкараняць тэатральную мову, адрозную ад традыцыйнай. У дадзеным выпадку асаблівая падзяка за спектаклі «Дон Жуан» Анатоля Праўдзіна (мая любімая пастаноўка ў тэатры), «Вяселле» Уладзіміра Панкова, «Чайка» Мікалая Пінігіна.

Прыгнятаюць актыўныя спробы многіх тэатраў перапрафілявацца на задавальненне запытаў масавага гледача і насычэння рэпертуару пустымі, але касавымі камедыямі, вадэвілямі, фарсамі і г.д. Прыемна тое, што тэатр ім. Я. Купалы не ідзе на повадзе ў гэтага трэнду і захоўвае густ і клас нават у працах, якія не маюць на мэце заахвоцiць гледача да ўнутранай працы.

У канцы мінулага года ў будынку тэатра пачала працаваць Камерная сцэна. Хочацца верыць, што гэта не толькі пашырыць кола рэпертуарны работ, але і «дасць дарогу» маладым рэжысёрам, пляцоўку для рэалізацыі іх пошукаў і эксперыментаў, створыць вакол сябе супольнасць неабыякавых да развіцця тэатральнага мастацтва людзей. Цяпер востра стаіць праблема недахопу яркіх прафесійных рэжысёраў, з патрэбай і магчымасцю выказвацца. Спадзяюся, што Мікалай Мікалаевіч Пінігін, з яго вучнямі і магчымасцямі новай пляцоўкі распачне крокі ў патрэбным кірунку.

Хачу павіншаваць усіх служыцеляў Купалаўскага і яго гледачоў з Міжнародным днём тэатра. Жадаю творцам і гледачам не забываць, што ў тэатр мы ходзім не за тым, каб “добра прабавіць вечар”, а за ўзрушэннямі. Хай усе спектаклі тэатра ім. Я. Купалы служаць гэтай мэце, застаюцца ў вечнасці і памяці пакаленняў. Жадаю творчаму калектыву поспехаў, смеласці, дзёрзкасці і натхнення. Дзякуй за ўсё, што Вы робіце і чаго не робіце!

Уладзімір Шчалкун, мастак:


 – Што ж пажадаць табе, родны Купалаўскі тэатр? Ну, канечне, працягваць нас радаваць прэм’ерамі (заўжды нечаканымі), то бок СВЕЖАСЦІ! Быць па-ранейшаму дзёрзкім і вясёлым, то бок ЮНАЦТВА! Не слухаць дурняў, то бок МУДРАСЦІ!




Таццяна Машкова, урач у мінулым, член клуба “Таленты і прыхільнікі”:

 – Наш клуб ужо каля 18 год працуе пры Палацы культуры ветэранаў. Да нас прыходзіць шмат пенсіянераў, якія цікавяцца мастацтвам, хочуць пазнаёміцца з новымі людзьмі. Сама прыйшла сюды год дзесяць таму. Калега запрасіла. За сувязь з кожным тэатрам у Мінску у нас адказвае нейкі чалавек. Я падтрымліваю сувязь з Купалаўскім. Хаджу туды яшчэ са студэнцкіх часоў, калі толькі прыехала ў Мінск вучыцца на ўрача. Мы здымалі кватэру побач з тэатрам.

За гэтыя гады пераглядзела ўвесь рэпертуар. З апошніх спектакляў вельмі спадабаўся “Дон Жуан”. Павел Харланчук – артыст незвычайнага таленту! Такая адданасць і любоў да прафесіі адчуваецца, калі ён на сцэне. Цяпер усім раю гэтую пастаноўку. Новая “Антыгона” мне таксама падабаецца. А купалаўскую “класіку” магу глядзець бясконца!