Пайшоў з жыцця Генадзь Міхайлавіч Гарбук

07 лютага
Пайшоў з жыцця Генадзь Міхайлавіч Гарбук
7 лютага 2018 года на 84 годзе жыцця не стала Народнага артыста Беларусі Генадзя Міхайлавіча Гарбука. 
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы глыбока смуткуе ў сувязі са стратай выбітнага артыста і выказвае спачуванні родным і блізкім.  

Развітанне з вядомым акцёрам пачнецца ў пятніцу 9 лютага а 10 раніцы на Галоўнай сцэне тэатра. Пачатак грамадзянскай паніхіды – а 12 гадзіне. Пахаваны артыст будзе на Усходніх могілках Мінска. 


Генадзь Міхайлавіч Гарбук нарадзіўся 24 ліпеня 1934 года ў вёсцы Глыбачка Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. “Свае ўніверсітэты” будучы Народны артыст прайшоў у Мінску на акцёрскім факультэце Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, які скончыў у 1958 годзе (курс Народнага артыста БССР Д.А.Арлова). Маладога акцёра размеркавалі ў Віцебск, дзе ён старанна засвойваў асновы прафесіі, спрабаваў сябе ў розных вобразах і амплуа і год за годам атрымліваў вядучыя ролі ў бягучым рэпертуары. 

У 1962 годзе на гастролях у Мінску Генадзя Гарбука заўважыў мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра Барыс Платонаў і запрасіў да сябе ў трупу. Наступныя 55 год жыцця Генадзь Міхайлавіч прысвяціў працы ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы і здымкам у кіно, якія прынеслі яму шырокую вядомасць у краінах былога Савецкага Саюза. 

У 1965 годзе на тэлеэкраны выйшла славутая экранізацыя рамана Івана Мележа “Людзі на балоце”, дзе Генадзь Гарбук у пары з Ліліяй Давідовіч увасобілі дуэт Васіля і Ганны. Гэта быў першы сапраўдны тэлевізійны поспех. У наступным годзе дуэт Генадзя Міхайлавіча і Ліліі Міхайлаўны стаў сэрцам аднайменнага драматычнага спектакля ў пастаноўцы Барыса Эрына на сцэне Купалаўскага тэатра, а маладыя артысты сталі лаўрэатамі прэстыжнай узнагароды – Дзяржаўнай прэміі БССР. 

Валодаючы моцным тэмпераментам і глыбокім псіхалагізмам спасціжэння характараў, Генадзь Міхайлавіч лепшыя свае работы стварыў у нацыянальным рэпертуары. Сярод іх – Зёлкін (“Хто смяецца апошнім” К.Крапівы), Клёпкін і Прокусаў (“Пагарэльцы” і “Верачка” А.Макаёнка), Буслай і Дзерваед (“Парог” і “Радавыя” А.Дударава), Сымон (“Раскіданае гняздо” Я. Купалы”), Дзед Курыла (“Сымон-музыка” Я. Коласа) і дзясяткі іншых. У залатую скарбонку айчыннага кінематографа ўвайшлі вобразы, створаныя ім у кінафільмах і тэлевізійных пастаноўках “Знак бяды”, “Белыя росы”, “Трэцяе пакаленне”, “Трывожнае шчасце”, “Плач перапёлкі”, “Чорны замак Альшанскі”. 

Апошні раз артыст выходзіў на сцэну 7 траўня 2017 года ў сваім улюбёным спектаклі “Людзі на балоце”. Светлая памяць Вялікаму артысту і чалавеку. 

Генадзь Гарбук – народны артыст Беларусі (1980), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1966) і СССР (1984), прэміі “За духоўнае адраджэнне” (2007), спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, уладальнік медаля Францыска Скарыны (1995).