Каля 500 дзяцей наведае Купалаўскі тэатр у рамках дабрачыннага праекта “Купалаўскі адкрывае сэрцы”

06 лістапада
Каля 500 дзяцей наведае Купалаўскі тэатр у рамках дабрачыннага праекта  “Купалаўскі адкрывае сэрцы”
У 100-м юбілейным сезоне Купалаўскі тэатр працягвае дабрачынны праект “Купалаўскі адкрывае сэрцы” для шматдзетных і няпоўных сем'яў, дзяцей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.
Мэты праекта – адкрыць сэрцы юнакоў і дзяўчат да культуры і мастацтва праз тэатральныя пастаноўкі, якія адбываюцца на пляцоўках Купалаўскага тэатра, стварыць перадумовы да лепшага пазнання і азнаямлення з беларускай культурай і тэатральным мастацтвам.
У верасні падапечныя міжнароднай грамадскай арганізацыі “SOS – Дзіцячыя вёскі”, грамадскай дабрачыннай арганізацыі “Беларускі дзіцячы хоспіс” паглядзелі спектакль “Паўлінка”, спектакль-канцэрт “Вельтмайстар-акардэон”, камедыі “Чайка”, “ART”, “Талерантнасць” у пастаноўцы Мікалая Пінігіна. Напрыканцы лістапада да праекта далучацца дзеці з парушэннем слыху з дзяржаўнай установы адукацыі “Ждановіцкая спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат”. Для іх запланаваны паказ спектакля “Вечар” у пастаноўцы Валерыя Раеўскага.
5 і 27 лістапада спектаклі “Чайка” і “Местачковае кабарэ” таксама плануюць паглядзець дзеці з Беларускага дзіцячага хоспіса.
З пачатку ліпеня 2019 года ў рамках дабрачыннага праекта “Купалаўскі адкрывае сэрцы” спектаклі тэатра наведала больш за 350 дзяцей, і яшчэ да канца бягучага года плануюць наведаць больш за 150 дзяцей.
Фінансавая падтрымка ў рэалізацыі дабрачыннага праекта “Купалаўскі адкрывае сэрцы” ажыцяўляецца за кошт пазабюджэтных сродкаў тэатральнай установы і Асацыяцыі міжнародных фармацэўтычных вытворцаў.

Галерэя: