Купалаўскаму 95 год!

14 верасня
Купалаўскаму 95 год!
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы сёлета святкуе 95-годдзе. Датай заснавання Купалаўскага тэатра лічыцца 14 верасня 1920 года, калі ў будынку гарадскога тэатра на вуліцы Петрапаўлаўскай (цяпер Энгельса, 7) запрацаваў Беларускі дзяржаўны тэатр.

– На 15 верасня мы рыхтуем вялікую святочную імпрэзу ў 2-х актах, – расказвае мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пінігін. – Спачатку пакажам спектакль “Сфінкс” Актава Фелье, які першым з’явіўся на сцэне нашага будынку ў 1890 годзе. У другой частцы ўзгадаем легендарныя купалаўскія спектаклі, якія ўжо не ідуць, – “Трыбунал”, “Памінальная малітва”, “Гаральд і Мод”, “Тутэйшыя” і інш.

Юбілейная дата – заўжды нагода падумаць пра тое, што было зроблена і перажыта, падвесці вынікі, каб ведаць, куды рухацца ў будучым. Набліжаючыся да лічбы 95, юбіляру, безумоўна, ёсць што расказаць пра падзеі апошніх пяці гадоў.

 

Найбуйнешай навіной апошняга часу стала завяршэнне маштабнай рэканструкцыі тэатра, якая доўжылася з 2010 па 2013 год. Яе мэтай было вяртанне будынку знешняга выгляду 1890 года. Больш за два гады праектная група працавала ў архівах, вывучаючы фотаздымкі, відэазапісы і чарцяжы, каб фасад будынка і яго ўнутраны дэкор выглядалі гэтак жа, як і ў XIX стагоддзі. Глядацкі гардэроб пашырылі і перамясцілі ў цокальнае памяшканне. На ўваходзе ў бельэтаж замест рэпетыцыйнай залы з’явілася прасторнае фае, дзе размясціліся два каміны. Глядзельная зала абноўленага тэатра налічвае 360 месцаў. Сядзець стала нашмат зручней – вялікія крэслы, шырокія праходы паміж радамі. Пад крэсламі ў партэры змянілася падлога – цяпер яна не пакатая, а з прыступкамі, пад ёй размешчана сістэма вентыляцыі. На бельэтажы па чарцяжах узнавілі фігурныя перагародкі паміж ложамі. Нават аднавілі шэра-блакітную гаму інтэр’ераў. Больш чым на чатыры метры павялічылася ўглыб сцэна. Цалкам было заменена тэхнічнае абсталяванне. 

Не зважаючы на салідны узрост, тэатр актыўна карыстаецца сучаснымі тэхналогіямі. Пасля запуску абноўленага сайту kupalauski.by (лаўрэата Інтэрнэт-прэміі TIBO) квіткі за некалькі хвілін можна купіць анлайн. Для замежных карыстальнікаў створана англамоўная версія сайта. А з мінулага сезона гледачам даступна паслуга прагляду спектакляў з сінхронным перакладам на англійскую мову.

 

Нягледзячы на тое, што тэатр на некалькі год застаўся без уласнай сцэны і быў вымушаны працаваць на арэндаваных пляцоўках Палаца культуры прафсаюзаў, Дома афіцэраў, канцэртнай залы “Мінск”, за апошнія пяць год у Купалаўскім адбылося 12 прэм’ер, выйшла абноўленая сцэнічная версія “Паўлінкі”. З прыходам у 2009 годзе на пасаду мастацкага кіраўніка рэжысёра Мікалая Пінігіна тэатр скіраваў сваю ўвагу на знаёмства гледачоў з малавядомай беларускай культурай: творамі заснавальніцы беларускага прафесійнага тэатра Францішкі Уршулі Радзівіл, заходнебеларускім кабарэ, гісторыяй Беларусі праз знакамітую паэму Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”.

 

Бурлівым было і гастрольнае жыццё купалаўцаў: Варшава, Кіеў, Ульянаўск, Рыга. Залы Мадрыда, Шэрбурга, Парыжа, Д’епа, Луўе і шэрагу іншых французскіх гарадоў прымалі наша “Вяселле”. Лондан бачыў “Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл”. “Пана Тадэвуша” паказалі ў Парыжы. У трэці раз пасля Вялікай Айчыннай вайны Купалаўскі вярнуўся ў Томск – горад, які ўратаваў тэатр ў 1940-я гады. Наш тэатр першым прадставіў драматычнае мастацтва Беларусі ў Кітаі на Пекінскім тэатральным вясновым фестывалі ў сакавіку 2013 года. І ўжо ў кастрычніку 2015 года мы прымаем гасцей з Пекінскага тэатра народнага мастацтва. 

 

Нам прыемна адзначыць, што назвы купалаўскіх спектакляў стаялі ў афішах такіх буйных фестываляў як Міжнародны тэатральны фестываль імя А.П.Чэхава ў Маскве, Міжнародны тэатральны фестываль у румынскім Сібіу, Міжнародны фестваль спектакляў “Мініфэст“ у Растове-на-Доне, Тбіліскі міжнародны фестываль тэатра. У лістападзе ў Мінску адбудзецца другі Моладзевы тэатральны форум краін СНД, Балтыі і Грузіі. Гран-пры першага форуму ў чэрвені 2012 года атрымаў спектакль “Офіс” у пастаноўцы Кацярыны Аверкавай. Важнай падзеяй для ўсёй краіны стала з’яўленне Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Спектакль “Не мой” у пастаноўцы Аляксандра Гарцуева стаў пяцікротным лаўрэатам. Ганаровую статуэтку атрымала і пастаноўка “Выкраданне Еўропы”. Дзяржаўнай прэміяй Беларусі ўганараваны спектакль “Пінская шляхта” ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна.

 

Шматлікімі ўзнагародамі была адзначаная не толькі агульная праца тэатра, але і індывідуальны ўнёсак у яе нашых акцёраў. Заслужанымі артысткамі Беларусі названыя Тамара Міронава і Алена Сідарава. Званне народнага артыста атрымалі Віктар Манаеў, Зінаіда Зубкова.

Новы сезон Купалаўскі пачынае з запуску Камернай сцэны – пляцоўкі на 90 глядацкіх мест для невялікіх спектакляў. Рыхтуецца да некалькіх прэм’ер – “Шабаны” Альгерда Бахарэвіча, “Антыгона” Жана Ануя і “АРТ” Ясміны Рэзы.