Памяці Віктара Тарасава

29 Снежня
Памяці Віктара Тарасава
Сёння споўнілася б 80 год Народнаму артысту Беларусі Віктару Тарасаву, які больш за 40 год жыцця прысвяціў Купалаўскаму тэатру.


Віктар Тарасаў нарадзіўся 29 снежня 1934 года ў Барнауле. У 1948 годзе сям’я Тарасавых пераехала ў Беларусь, дзе жыла ў старым раёне Мінска на Старажоўцы. З 1957 года Віктар Тарасаў — акцёр Беларускага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы ў Мінску. У той час на гэтай сцэне гралі легендарныя Стэфанія Станюта, Барыс Платонаў, Лідзія Ржэцкая, Глеб Глебаў, Павел Малчанаў. Выбару тэатральнай кар’еры Тарасава паспрыяў ягоны юначы ўдзел у масоўцы оперы “Князь Ігар”.

У 23 гады Віктар Тарасаў стаў заслужаным артыстам, у 29 — народным артыстам БССР, а ў 48 – народным артыстам Савецкага Саюза. Загад аб прысваенні гэтага звання падпісаў Пётр Машэраў на наступны дзень пасля таго, як пабачыў спектакль “Пагарэльцы” паводле п’есы Андрэя Макаёнка з удзелам акцёра.

Большую частку жыцця Віктар Паўлавіч прысвяціў Купалаўскаму тэатру, стварыўшы шэраг яркіх сцэнічных вобразаў. Прыхільнікі тэатральнага мастацтва добра памятаюць той час, калі ў Купалаўскі хадзілі менавіта “на Тарасава”. Класіка і сучасныя п’есы, у якіх ён выконваў галоўныя ролі, заварожвалі ягонай душэўнай абаяльнасцю і арганічнасцю акцёрскага пераўвасаблення. За гэтыя гады ён стварыў больш за сотню выразных вобразаў: Клеон “Забыць Герастрата” Г. Горына; Сямёнаў “Мы, што ніжэй падпісаліся” А. Гельмана; Бачана Рамішвілі “Закон вечнасці” Н. Думбадзэ; Кэлін “Святая святых” І. Дуцэ; Зілаў “Качынае паляванне” А. Вампілава; Гараднічы “Рэвізор” М. Гогаля; Ухватаў “Пагарэльцы” А. Макаёнка; Барон і Іван Каламійцаў “На дне” і “Апошнія” М. Горкага; Дульчын “Апошняя ахвяра” А. Астроўскага; Дорн “Чайка” А. Чэхава ды іншыя.

Паралельна з гэтым Тарасаў паспяваў працаваць на радыё і ў кіно. На Беларускім радыё Віктар Паўлавіч быў любімым акцёрам усіх радыёрэжысёраў, яго запрашалі на самыя цікавыя і глыбокія працы. Ён быў заняты ў радыёспектаклях паводле раманаў і апавяданняў Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Віктара Карамазава, Івана Мележа, Аляксея Дударава.

Размаітыя ролі створаны Тарасавым ў кінафільмах “Соф’я Пяроўская”, “Крушэнне імперыі”, “Руіны страляюць”, “Першыя выпрабаванні”, “Звон адыходзячага лета”, “Дзяржаўная граніца”, “Чорны бусел”, “Кіроўца аўтобуса”, “Людзі на балоце” ды іншых.

Віктара Тарасава не стала ў лютым 2006 года.