Мікалаю Кучыцу - 60 год!

18 лютага акцёру Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалаю Кучыцуспаўняецца 60 год. Калектыў тэатра шчыра віншуе Мікалая Мікалаевіча са святам, зычыць здароўя, радасных падзей у жыцці і творчага плёну!

А сам юбіляр расказвае крыху пра сябе і пра…

… пра Радзіму
Нарадзіўся я на Віцебшчыне – ёсць вёсачка прыгожая Дзядкі ў Докшыцкім раёне. У простай сялянскай сям’і – бацькі на ферме працавалі. Пайшоў у першы клас у Беларусі, але бацьку пасля інстытута накіравалі ў Казахстан. І вось школу я скончыў ужо там. Паступіў у тэатральнае вучылішча ў Свярдлоўску, але калі трэба было ехаць на заняткі, абгарэў. Потым давялося ісці ў армію. Але ўсё роўна хацелася на радзіму. І як толькі прыйшоў з арміі, адразу паехаў у Беларусь.

… пра шлях у прафесію
Мне змалку хацелася артыстам быць. Я нават не ведаў, якім. Клоунам, спеваком, акцёрам… Некалі ў мяне голас быў добры, сяброўкі гралі на музычных інструментах. У мяне ў сям’і маці і бацька добра спявалі. Але калі я сказаў, што ў артысты пайду, мама адгаворвала. Маўляў, нашто табе гэтая акцёрская прафесія, лепей бы пайшоў на агранома.

А я Інстытут скончыў наш тэатральна-мастацкі. Па адукацыі – рэжысёр драматычнага тэатра. Вучыўся ў Барыса Іванавіча Луцэнкі. Першы год паступаў на акцёрскі і не прайшоў па конкурсе. Тады думаў, які з мяне артыст, так, хлопец з вёскі… А ў 26 гадоў зразумеў: хачу ў тэатр і ўсё. На акцёрскі не бяруць ужо ў такім узросце, паступіў на рэжысуру, але мяне гэта не надта вабіла. Я такі чалавек, што не магу быць над кімсьці. Хаця даволі ўдала восем год працаваў рэжысёрам, ездзіў па ўсяму Саюзу ставіць спектаклі. У акцёры пайшоў, калі стаяў на чарзе на кватэру і спатрэбілася даведка аб сталым месцы працы. Трыццаць год ужо прайшло.

… пра тэатры
Спачатку працаваў у тэатры “Дзе-Я?” Трухана, потым у РТБД, але тады ён называўся “Вольная сцэна”. Там я працаваў амаль што дзесяць год. А потым змянілася кіраўніцтва і 80% трупы проста звольніліся. Перад апошнім спектаклем выйшлі да гледачоў: “Прабачце, паказу не будзе…” Вэрхал такі быў! 

Гэта я цяпер магу сказаць, што Купалаўскі тэатр – гэта нешта неверагоднае. Але “Вольная сцэна” для мяне была… І дасюль сэрца за яе баліць. Пасля сыходу адтуль, нас не бралі ў дзяржаўныя тэатры. Пры Саюзе тэатральных дзеячаў Аляксей Дудараў стварыў тэатр-студыю, куда нас і запрасіў. Гады два адпрацаваў я там і ўжо думаў усё кінуць. Раптам мне тэлефануюць з Купалаўскага: “Мікалай, вы не маглі б прысці? Вас хоча бачыць Раеўскі”. Царства яму нябеснае… Гэты чалавек шмат для мяне зрабіў. Узяў без аніякага паказу ў Купалаўскі тэатр.

… пра ролі
Ты павінен нейкі кайф адчуваць ад таго, што ты робіш на сцэне. А ёсць і такія ролі, што хочацца, каб хутчэй спектакль скончыўся. Было шмат і ўдалых роляў, але асабіста для мяне вылучаюцца дзве. Гэта Гастрыт ў “Вечары”. І сэрцам, і душой, і галавой яе адчуваў. Мне было 47 гадоў, калі граў 85-гадовага чалавека. Нечым бацька мой быў да героя падобны… А другая – гэта роля чорнага афраканскага караля ў камедыі Дударава “Прынц Мамабук”. Цяпер яе ніхто і не ставіць…

… пра сям’ю

Маці раз не пазнала мяне ў адным фільме. Я нешта на кухні раблю і чую, як яна крычыць: “Гад, паскуднік, жонку да смерці давёў, а цяпер сына, сволач!” А я чую, нешта голас падобны…

–На каго ты крычыш? – пытаюся. Гляджу – гэта мая сцэна, а яна мяне не пазнала.

Я цяпер адзін у Мінску. Жонка з сынам у Германіі жывуць. Сын грае ў гурце эстрадным. Рэдка з ім сустракаемся. Раз на два гады дзесьці. Унукаў пакуль няма. Сёстры мае ў вёсках жывуць.

… пра любімыя заняткі
Не паверыце, я дома шыю лялькі. Беларускія, з ануч. Дома, можа, дзясятак ёсць. А так прадаў усё і раздарыў. Люблю ездзіць у вёску. Працаваць на зямлі, што-небудзь вырошчваць. У мяне свайго дома няма, але ёсць цётчына хата. Змалку я не толькі гуляўся. Сам і садзіў штосьці, і палоў, і капаў, і вырошчваў. Рыбалку люблю, але рэдка зараз выдаецца магчымасць з’ездзіць куды-небудзь.

Гатую смачна. Галубцы асабліва. Сялёдка пад шубай, здаецца, звычайная страва. Але ў мяне яна нейкая іншая выходзіць. А баршчы… Да мяне сяброўка прыходзіць, гаворыць, што так, як я, нават яе маці не варыць. Сам квашу капусту заўсёды.

Люблю і пачытаць. Хаця апошнім часам не сур’ёзную літаратуру. Не скажу, што надта люблю дэтэктывы ці любоўныя раманы, але чытаю – захапляюся, хаця потым не магу ўзгадаць, што там было.