Нашаму шаноўнаму Генадзю Сцяпанавічу Аўсяннікаву, дарагому дзядзьку Гену – 85!

19 лютага
Нашаму шаноўнаму Генадзю Сцяпанавічу Аўсяннікаву, дарагому дзядзьку Гену – 85!
Альбо, як кажа сам Генадзь Сцяпанавіч, - без 15 сто!

Ці шмат гэта? Генадзь Сцяпанавіч не лічыць гады – і робіць абсалютна мудра. Гэтаксама па-свойму мудра ён жыве і гэтую мудрасць дорыць са сцэны. Менавіта гэтая ягоная якасць разам з іроніяй не дазвалаяе яму забранзавець, нягледзячы на тое, што шмат дзесяцігоддзяў Генадзь Аўсяннікаў з’яўляецца зоркай нашага Купалаўскага тэатра.

Генадзь Сцяпанавіч нарадзіўся ў старажытным горадзе Магілёве ў 1935 годзе. А ў 1953 паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. (Дагэтуль, праўда, марыў пра мора, нават ездзіў у Рыгу паступаць у мараходнае вучылішча). Акцёр трэцяга па ліку пакалення купалаўцаў, вучань Канстанціна Саннікава, ужо 63 гады на службе ў тэатры! Патрыярх сцэны, носьбіт і захавальнік лепшых традыцый нацыянальнай тэатральнай школы!

Колькі спектакляў, роляў, выхадаў на гэтыя падмосткі! Згадайма Цярэшку Калабка ў “Трыбунале” Андрэя Макаёнка, Аўдзея ў спектаклі “Страсці па Аўдзею” Уладзіміра Бутрамеева, Мілера ў «Каварстве і каханні» Шылера, Фаму Апіскіна ў спектаклі «Сяло Сцяпанчыкава і ягоныя жыхары» паводле Дастаеўскага, дзеда Цыбульку ў спектаклі “Таблетка пад язык” Андрэя Макаёнка, а таксама спектаклі “Святая прастата”, “Пагарэльцы”, “Лявоніха на арбіце”, “Даходнае месца”, “Рэвізор”, “Тры сястры”, “Канстанцін Заслонаў”, “Амністыя”, “Вечны Фама”, “Ідылія”, “Апошняе спатканне”, “Ромул Вялікі”, “Князь Вітаўт”, “Тутэйшыя”, “Сымон-музыка” ды шмат іншых. А шляхціц Завальня ў спектаклі «Беларусь у фантастычных апавяданнях», а таксама Васіль у “Вечары”, Пранцісь Пустарэвіч у “Паўлінцы”,  Глушак у спектаклі “Людзі на балоце”, Пашкевіч у “Лістападзе. Андэрсене”, Равуноў-Каравулаў у “Вяселлі”, суддзя ў “Пане Тадэвушы”, Дзмітрыч у “Таце”.

Вядомы Аўсяннікаў і сваімі ролямі ў кіно. Ягоная фільмаграфія налічвае шмат кінафільмаў, пачынаючы з 1964 года. Сярод іх “Зімародак”, “Апошняе лета дзяцінства”, “Доўгія вёрсты вайны”, “Час выбраў нас”, “Атланты і карыятыды”, “Дачка камандзіра”, “Купальская ноч”, “Плач перапёлкі”, “Маці Урагана”, “Паміж жыццём і смерцю”, “Мужчыны не плачуць”, “Тры талеры” ды іншыя. А таксама ў фільмах-спектаклях “Трыбунал”, “Страсці па Аўдзею”, “Мудрамер”, у серыяле “Каменская” ды шмат-шмат іншых.

Вядомы голас Аўсяннікава і беларускім дзецям. На ўдзел у дзіцячых спектаклях, на агучванне мультфільмаў Генадзь Сцяпанавіч пагаджаўся і пагаджаецца з вялікай прыемнасцю і гатоўнасцю.

Далёка не пра ўсіх славутых акцёраў можна сказаць, што іх талент выключна народнага складу і кірунку. Беларусь багацейшая на такіх самародкаў за многія іншыя краіны, але і ў нас іх няшмат. Аўсяннікаў разам са славутымі папярэднікамі, такімі як, прыкладам, Уладзімір Дзядзюшка, Галіна Макарава ды некаторыя іншыя, уваходзіць у лік гэтых абраных.

На Генадзя Сцяпанавіча ходзяць, ягоныя ролі не застаюцца незаўважанымі, яго прысутнасць у рэпертуары тэатра вельмі важная. І ён ніколі не расчароўвае сваіх прыхільнікаў. У ім адчуваецца моцная акцёрская школа. Ягоны голас чутны са сцэны ў любой кропцы глядзельнай залі, ягоныя інтанацыі надзвычай шчырыя і кранальныя. Тэатральныя крытыкі называюць такое выкананне “фантомам абсалютнага даверу”.

Генадзь Аўсяннікаў – апошні беларускі акцёр, якому ў эпахальным 1991 годзе было нададзена званне народнага артыста СССР. Таксама Генадзь Сцяпанавіч – народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва. Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Знамені, медалём і ордэнам Францыска Скарыны і срэбным медалём імя Аляксея Папова. Уладальнік дыплома фестываля “Артыст канца ХХ стагоддзя” (Масква, 2000 г.) – за роль Аўдзея ў спектаклі “Страсці па Аўдзею”; спецыяльнага прыза на Міжнародным тэатральным фестывалі “Белая Вежа” (2003 г.) – за монаспектакль “Беларусь у фантастычных апавяданнях”; прыза “Крыштальная Паўлінка” Саюза тэатральных дзеячоў Беларусі ў 2006 годзе. І гэта яшчэ не поўны пералік…

Але ж усенароднае прызнанне і павага, любоў і слава не змянілі нашага дзядьку Гену. Ён неверагодна сціплы, зычлівы, добры, уважлівы, сумленны чалавек з выдатным пачуццём гумару. Інтэлігентны чалавек у тым сэнсе слова, якое ўслед за Васілём Быкавым укладае ў яго сам Аўсяннікаў: інтэлігентны чалавек – гэта той, які не займае шмат месца.

Віншуем Вас, дарагі Генадзь Сцяпанавіч! Зычым Вам творчай радасьці і плёну! Апладысментаў!

(фота з архіва Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы)

Галерэя: