"Ноч паэзіі" адбудзецца ў Купалаўскім тэатры 6 ліпеня

02 Ліпеня
"Ноч паэзіі" адбудзецца ў Купалаўскім тэатры 6 ліпеня
Купалле з’яўляецца адным з самых дзівосных і чароўных святаў нашых мясцінаў. Згодна з народным павер’ем, дрэвы ў ноч з 6 на 7 набываюць вялікую чароўную моц, травы ажываюць і напаўняюцца лекавай, магічнай сілай, а людзі ў гэту ноч ачышчаюцца ад праблем і нягод. Янка Купала, які нарадзіўся 7 ліпеня, недарэмна абраў сабе ў псеўданім назву гэтага свята: паэт хацеў здабыць шчасця і для сябе, і для свайго роду.
Непамерна блізка гэтыя старажытныя рытуалы звязаны з мастацтвам, якое таксама ачышчае дух чалавека. У гэту чароўную ноч з 6 на 7 ліпеня ў Купалаўскім тэатры адбудзецца “Ноч паэзіі”, у якой возьмуць удзел цудоўныя майстры слова А. Хадановіч, У Арлоў, К. Камоцкая, Д. Бялькевіч, Н. Кудасава і інш., а таксама нашыя купалаўцы, якія прачытаюць свае ўлюбёныя вершы.

Спецыяльна для гэтага незвычайнага свята Купалаўскі тэатр робіць падарункі сваім гледачам у выглядзе 30 % зніжкі амаль на ўсе спектаклі. Набыць квіткі па зніжцы можна будзе толькі з 6 па 12 ліпеня ў касах тэатра і на сайце kupalauski.by. Сардэчна запрашаем вас разам з намі акунуцца ў гэта таямнічае падарожжа!
Каб трапіць на наша свята, неабходна зарэгістравацца ў электроннай форме. Уваход вольны!

Чакаем вас 6 ліпеня а 19 гадзіне на тэрасе кавярні “Аўстэрыя Уршуля”. Рыхтуйце свае ўлюбёныя вершы і таксама зможаце зачытаць іх на нашай імправізаванай сцэне.