Наш анлайн-фэст "Паўлінка на Купалле" распачынаецца ўжо сёння!

06 Ліпеня
Наш анлайн-фэст "Паўлінка на Купалле" распачынаецца ўжо сёння!
Анлайн-фэст “Паўлінка на Купалле” неўзабаве пачнецца! Наша падарожжа па віртуальным фэсце мы правядзем на адмысловай старонцы kupalauski.by.

У тэматычных частках – Папараць-кветка, Паўлінка, Свята – будуць прадстаўлены асобныя відэа-эпізоды, з якіх складаецца наша свята. Запрашайце таксама сяброў замежжа! Наш анлайн-фэст мы правядзем на беларускай, англійскай і рускай мовах.
“Папараць-кветка” правядзе вас праз мясціны Купалы ў Вязынцы і праз купальскую традыцыю пляцення вянка.
  • Музейны. Экскурсія па Вязынцы:

У 1882 годзе 7 ліпеня ў колішнім маёнтку Вязынка нарадзіўся Іван Луцэвіч, у будучым вядомы ўсім пад псеўданімам Янка Купала. Менавіта свята Купалля стала прычынай такога імя – пошук чароўнай папараць-кветкі паэт разумеў як імкненне да лепшага лёсу і светлай будучыні.

Менавіта з Вязынкі – родных мясцінаў пісьменніка – мы пачнем наша віртуальнае падарожжа, дзе супрацоўніцы музеяў у Вязынцы і ў Мінску распавядуць пра таямніцы жыцця і творчасці нашага песняра.

  • Купальскі. Пляценне купальскага вянка:

У чароўную ноч на Івана Купала існуе шмат традыцый, адна з якіх – пляценне дзявоцкага вянка. У гэты час прырода перанараджаецца і дае моцы ўсяму жывому, а расліны набіраюць найбольшую моц. Купальскія вянкі, сплеценыя з розных кветак, лічыліся магічнымі і служылі ў якасці абярэгаў ад нячысцікаў ды хваробаў.

Наша сённяшняя Паўлінка, Марта Голубева, не абміне гэты абрад і правядзе майстар-клас па пляценню свайго купальскага вянку. Далучайцеся, хай і ў вашым доме будзе такі цудоўны абярэг.

У частцы “Паўлінка” мы запросім вас на экскурсію па Купалаўскім тэатры, прадставім унікальную зборку афіш “Паўлінкі” з 1913 па 2013 гг. і, вядома, пакажам нашу легендарную “Паўлінку”.
  • Тэатральны. Экскурсія па Купалаўскім тэатры:

Нябачнае вока камеры зазірне ў закулісныя лабірынты нашага тэатра і падорыць магчымасць пабачыць шматлікія купалаўскія таямніцы, якія вось ужо 130 гадоў захоўвае ў сабе будынак нашага тэатра. Экскурсію для вас правядуць прыўкрасныя артысткі – Зоя Белахвосцік, якая выконвала ролю Паўлінкі з 1982 па 2000 гг., і Крысціна Дробыш.

Падчас анлайн-падарожжа вы зможаце пачуць расповед пра гісторыю нашага тэатра, даведацца, хто і якім чынам прымае ўдзел у стварэнні кожнага спектакля і, канешне, убачыць бутафорскі цэх, грымёркі, пульт памрэжа і не толькі. Экскурсія зацікавіць як малых тэатралаў, так і сталых аматараў Купалаўскага. Тэатр – гэта надзвычай складаны механізм, які прыводзяць у рух любоў і прафесіяналізм дзясяткаў спецыялістаў. Пасля такой вандроўкі ў Купалаўскім тэатры вы будзеце адчуваць сябе як дома ў добрых сяброў.

  • Паўлінка. Спектакль:

Ці знойдзецца хто з нашых гледачоў, хто ні разочку не бачыў “Паўлінку”? Тудэма-сюдэма! Калі такія ё, то запрашаем неадкладна. А хто і бачыў даўно, то тым больш!

У багатым рэпертуары Купалаўскага тэатра спектакль “Паўлінка” заўсёды стаіць асобна. Найстарэйшы спектакль тэатра карыстаецца вялікай любоўю гледачоў і за доўгія гады свайго існавання ператварыўся ў сапраўдную візітоўку, сімвал Купалаўскай сцэны. І менавіта гэтай пастаноўкай у Купалаўскім тэатры штогод адкрываецца новы сезон! Звычайную гісторыю пра тое, як дзяўчына абрала сабе жаніха насуперак бацькоўскай волі, народны паэт Беларусі Янка Купала шчодра аздобіў нацыянальным каларытам і сакавітым народным гумарам.

І які ж фэст без музыкі і танцаў! У блоку “Свята” навучым вас плясаць лявоніху, заслухаемся на музыку купалаўскага аркестра. І напрыканцы завітаем у студыю да нашых сяброў, легендарнага ансамбля “Песняры”, які для нашых гасцей выканае цудоўныя песні.

  • Танцавальны. Лявоніха з Паўлінкай і Адольфам Быкоўскім:

А ці ж бачылі вы, як у нашай славутай Паўлінцы пляшуць лявоніху купалаўцы? От усё дзякуючы прыгажуні Паўлінцы, якая заахвоціла пана Адольфа Быкоўскага кінуць свае "навамодныя" танцы і скакаць па-нашаму. Але ж на Купалле трэба танчыць усёй талакой, то запрашаем і вас навучыцца і далучыцца!

Глядзіце майстар-клас ад Паўлінкі з панам Быкоўскім ды бярыцеся ў пляс. А пасля выкладайце сваё відэа з танцам у сацыяльных сетках з хэштэгам #паўлінканакупалле. За самую ліхую лявоніху пераможцу чакае падарунак!

  • Музычны. Аркестр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы:

Як казаў Канстанцін Сяргеевіч Станіслаўскі: “Тэатр – гэта рэч калектыўная”. Тэатр заўседы аб’ядноўваў ўсе віды мастацва, у тым ліку музыку.

Музычныя традыцыі Купалаўскага былі закладзеныя яшчэ 1920-я, дзе мясціліся хор і сімфанічны аркестр. Да гэтага часу традыцыя засталася і маем свой аркестр пад кіраўніцтвам Уладзіміра Кур’яна, які здолеў захаваць унікальны купалаўскі аркестр і стварыць музыку да цэлага шэрагу спектакляў!

І на гэтым анлайн-фэсце з гонарам запрашаем вас на канцэрт нашых цудоўных музыкаў, дзе вы пачуеце любімыя кампазіцыі са спектакляў.

  • Песняры:

У межах нашага анлайн-фэсту “Паўлінка на Купалле” да нас завітае легендарны калектыў “Песняры”, які быў створаны выбітным музыкантам Уладзімірам Мулявіным у далёкім 1969 годзе. "Песняры" ў прэсе нярэдка параўноўвалі з The Beatles. Самабытныя, таленавітыя і любімыя мільёнамі.
Уладзімір Мулявін па крыві не быў беларусам, але прысвяціў сваё жыццё беларускай песне і зрабіў яе папулярнай ва ўсім свеце. Уся яго творчасць была скіраваная на пошук формы і зместу, адпаведных і сугучных часу. Творчасць, якая падарыла беларусам неўміручую спадчыну.

Анлайн-фэст будзе працягвацца з 6 ліпеня (з 20.00) па 12 ліпеня (да 21.00). Шчыра запрашаем вас і вашых сяброў!

Праект рэалізоўваецца дзякуючы фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Асобная падзяка генеральнаму партнёру Купалаўскага тэатра – кампаніі Mastercard і партнёру музея – кампаніі “Белдзяржстрах”.