"Наш Цзын Кэ". Кітай у горад

16 Кастрычніка
"Наш Цзын Кэ". Кітай у горад
На гэтым тыдні Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы прымаў у сябе Пекінскі тэатр народнага мастацтва. Упершыню ў нашай краіне выступіла драматычная трупа з Кітая. Знаёмства з тэатральнай культурай гэтай краіны беларускія гледачы пачалі з гістарычнай драмы "Наш Цзын Кэ". Паказы адбыліся ў рамках Дзён культуры Кітая ў Беларусі.

 – Мы вельмі хочам, каб па зорках нашай культуры знаёміліся з нашай краінай, - адзначыў намеснік міністра культуры Кітайскай Народнай Рэспублікі Дзін Вэй. – Сёлета мы запрасілі ў Мінск самы лепшы тэатр Кітая і спадзяемся, што нашыя артысты знайшлі агульную мову з беларускай публікай.

Па словах рэжысёра і мастацкага кіраўніка Пекінскага тэатра народнага мастацтва Жэнь Міна, сюжэт спектаклю пабудаваны на гісторыі легендарнага воіна Цзын Кэ, пра якога з дзяцінства ведае ледзь не кожны кітаец. Аўтар п'есы - першы лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры ў Кітаі Мо Янь.

 - У тэксце героі і гістарычныя факты, у асноўным, адпавядаюць арыгіналу, але я зрабіў смелыя здагадкі пра матывы паводзінаў герояў, каб гледачы маглі правесці паралелі з сучаснасцю і задумацца пра ўласны лёс, - тлумачыць драматург.

Дзеянне адбываецца ў 236-227 годзе да нашай эры - перыяд вострай барацьбы паміж раздробленымі царствамі Кітая. Прынц царства Янь падсылае Цзын Кэ забіць правіцеля наймацнейшага царства Цынь, але той гіне і ў ваходзіць у гісторыю як мужны воін, гатовы ахвяраваць сваім жыццём дзеля перамогі над ворагам. 

Традыцыйныя кітайскія касцюмы, усходняя музыка, запісаная для спектакля на народных інструментах, пластыка артыстаў, запазычаная з розных відаў баявога мастацтва, кітайская рэжысура і драматургія - для беларускага гледача гэта пакуль экзотыка. Але ўжо, прынамсі, знаёмая.

Галерэя: