Наш адметны 100-ты сезон завяршаецца славутай Паўлінкай. Згадаем, што ў ім было!

31 ліпеня
Наш адметны 100-ты сезон завяршаецца славутай Паўлінкай. Згадаем, што ў ім было!

Самай славутай, самай лепшай пастаноўкай Беларусі спектаклем “Паўлінка” завяршае свой 100-ы сезон Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Спектакль адбудзецца 31 ліпеня 2020 года а 18.00 у культурнай сталіцы Беларусі - горадзе Ліда.

Мы адкрылі 100-сезон “Тэатральным пікніком” – фестывалем у Аляксандраўскім скверы.

Юбілейны 100-ты сезон найстарэйшага драматычнага тэатра краіны быў сапраўды адметным. У гэтым сезоне Купалаўскі тэатр прадставіў дзве прэм’еры – гэта спектакль на Галоўнай сцэне “Кароль Лір” рэжысёра Мікалая Пінігіна паводле п’есы Уільяма Шэкспіра, на Камернай сцэне – “Першы” рэжысёра Рамана Падалякі паводле дакументальнай п’есы Рамана Падалякі і Міхаіла Зуя. Купалаўскі тэатр таксама аднавіў легендарны спектакль “Не мой” паводле Алеся Адамовіча ў пастаноўцы Аляксандра Гарцуева.

Нашы артысты і супрацоўнікі атрымалі заслужаныя ганаровыя званні і медалі. Аляксандр Падабед стаў народным артыстам Беларусі, Юлія Шпілеўская – заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь. Медаль Францыска Скарыны атрымалі Святлана Анікей, Алег Гарбуз, Марына Гардзіёнак, Валянціна Гарцуева, Міхась Зуй, Андрэй Кавальчук, Яўгенія Кульбачная, Мікалай Кучыц, Вольга Няфёдава, Павел Харланчук. Народныя артысты Беларусі Марыя Захарэвіч і Арнольд Памазан узнагароджаныя ордэнам Францыска Скарыны. Медаль “За працоўныя заслугі” атрымала Таццяна Кудзінава, асістэнт рэжысёра асвятляльнага цэха. Асобую ўзнагароду атрымаў і спектакль «Паўлінка»: візітоўка Купалаўскага тэатра стала нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі!

Гэты сезон стаў стартавай кропкай для новых праектаў, якія зараз праводзяцца пастаянна і маюць сваю асобную аўдыторыю. Сярод іх "Музычныя вечары ў Купалаўскім", "Легенды Купалаўскага", "Экскурсіі па закуліссі", дабрачынны праект "Купалаўскі адкрывае сэрцы". Трэба адзначыць старт выпуску часопіса “Купалаўскі”, у друкаванай і ўпершыню ў электроннй версіі, які сёння з’яўляецца адзіным выданнем сярод драматычных тэатраў Беларусі. Акрамя гэтага, на экранах горада і галоўных тэлеканалаў можна ўбачыць 10 сацыяльных відэаролікаў “Тэатральнае мастацтва – нацыянальная каштоўнасць краіны”, падрыхтаваных Купалаўскім тэатрам. 29 лютага ўпершыню на сцэне Купалаўскага тэатра прайшоў інклюзіўны спектакль «Аднойчы ў вялізным горадзе» ад сямейнага інклюзіў-тэатра «І».

У 100-м сезоны мы выйшлі на абсалютныя аншлагі: не аднойчы спектаклі Купалаўскага тэатра на Галоўнай і Камернай сцэне і ў Доме афіцэраў збіралі больш за 1 000 гледачоў за адзін вечар, што стала нефармальным рэкордам сярод драматычных тэатраў Беларусі.

І, нарэшце, што цешыць нас асабліва: Купалаўскі тэатр значна пашырыў гастрольную карту як па гарадах Беларусі, так і па замежжы. На працягу года мы наведалі з гастролямі Беласток, Бранск, Вільнюс, Гданьск, Маскву і сусветную культурную сталіцу Парыж. Пасля шматгадовага перапынку мы аднавілі гастролі па Беларусі і за сезон пабывалі ў 10 гарадах краіны: Гродне, Гомелі, Слоніме, Бабруйску, Лідзе, Наваполацку, Салігорску, Маладзечне і іншых гарадах.

Далей у нашых планах - пашырыць магчымасць пазнаёміцца з пастаноўкамі Купалаўскага тэатра як у Беларусі, так і за мяжой, якія мы абавязковы рэалізуем пасля часовых абмежаванняў. Дамоўленасці з люблінскім Тэатрам імя Юльюша Астэрвы, Нацыянальным тэатрам у Варшаве, Даўгаўпілскім тэатрам і Славенскім нацыянальным тэатрам у Любляне, Нацыянальным тэатрам Івана Франка ў Кіеве, Драматычным тэатрам імя Аляксандра Венгеркі ў Беластоку перанесены на пазнейшыя тэрміны. Але мы ўпэўненыя, што гэтыя праекты абавязкова адбудуцца.

У час, калі Купалаўскі тэатр часова не працаваў у звычайным рэжыме, у рамках праекта “Нетэатральная маска” пашывачны цэх пачаў выраб ахоўных масак для патрэбаў 10 гарадской клінічнай бальніцы Мінска.

Купалаўскі тэатр выкарыстоўваў усе дадатковыя магчымасці, каб заставацца разам са сваімі гледачамі. Менавіта гэта і стала штуршком для развіцця нашых шматлікіх анлайн-праектаў і матывацыяй для паспяховага выхаду тэатра ў анлайн-прастору: тэатр рэалізаваў праекты “Купалаўскі дома”, “Тыдзень Купалаўскага online”, “Чытаць я хацеў!”, на працягу года паказаў 11 спектакляў анлайн на тэлеканале Беларусь 3 і на відэасэрвісе VOKA, правёў музейна-тэатральны фэст “Паўлінка на Купалле online”, пачаў паказ спектакляў у аўтакінатэатры, а таксама распачаў праект па прагляду спектакляў на анлайн-пляцоўцы 24.afisha.by. Анлайн-праекты за гэты час сабралі больш за 100 000 гледачоў па ўсім свеце. Таксама мы зладзілі міжнародны праект: упершыню ў анлайн-фармаце прайшла сумесная чытка паэма Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш” купалаўцамі і акцёрамі тэатра імя Аляксандра Венгеркі (Беласток, Польшча). А ў чаканні вяртання нашых гледачоў мы знялі мастацкі ролік “Мы вернемся!”. Актыўна запрацаваў наш YouTube-канал. Мы робім усё, каб быць побач і для нашых гледачоў, пашыраць культурную прастору ў грамадстве.

Мы шчыра ўдзячныя генеральнаму партнёру тэатра – кампаніі Mastercard і генеральнаму партнёру 100-га сезона – кампаніі А1. Асобны дзякуй нашым партнёрам: ААТ “Банк БелВЭБ”, страхавой кампаніі “Белдзяржстрах”, СБА ЗАСТ “Купала”, ЗАО “Ідэя Банк”, ЗАО “СК “Белрасстрах”, ТАА “ЗІКА-ЗОРКА ГРУП”, ААТ “Белаграпрамбанк”, ЗТАА “Лукойл Беларусь”, ААТ “Беларусбанк”, ААТ “Пріорбанк”, Групе кампаній “А-100”, ААТ “Белаз”, РУП “Белэксімгарант”, УП “Дыяконія”, Групе кампаній “Інтэрпэйпер” (ІП “Мюнікс”), EPAM Systems, ТАА “МаналітПрамІнвест”, Адвакацкае бюро “SBH law offices”, СААТ “Камунарка”, УП “Мінскі холадакамбінат №2”, Групе кампаній “ПС АЎТО ГРУП”, Асацыяцыі міжнародных фармацэўтычных вытворцаў. Дзякуючы гэтай падтрымцы Купалаўскі тэатр стаў адным з лідараў у культурным абшары краіны.

А зараз Купалаўскі рыхтуецца сустракаць 100-гадовы юбілей, які будзе адзначацца 14, 15, 16 верасня.

Галерэя: