Перакладчыца Марыя Пушкіна пра п'есу Марціна МакДонаха "Вешальнікі"

27 снежня
Перакладчыца Марыя Пушкіна пра п'есу Марціна МакДонаха "Вешальнікі"

Рэдактар літаратурна-драматургічнай часткі Марыя Пушкіна, якая адмыслова пераклала п'есу МакДонаха для пастаноўкі на сцэне Купалаўскага тэатра, распавяла пра асаблівасці тэксту і МакДонаха-аўтара. Чым была заменена лаянка ў перакладзе на беларускую мову і што ў выніку зрабілі з дыялектызмамі – у нашым інтэрв'ю.

– Чым цікавы Марцін МакДонах?

Сам МакДонах цікавы тым, што ён умее неверагодна цікава распавядаць вельмі займальныя гісторыі, і гэтая моц у ягоным аповедзе датычыць і самога сюжэту (які ў нашым выпадку дакументальны: п’еса заснаваная на рэальных падзеях), і ўмення гэты сюжэт падаць. А яшчэ мне вельмі імпануе жанр – чорная камедыя, гэта вельмі складана, а ў МакДонаха атрымліваецца традыцыйна вельмі смешна і да дрыжыкаў вусцішна. Крыху як нашае жыццё: было б смешна, калі б не было так страшна.

IMG_4540.jpg

–  Што такое чорная камедыя?

Сітуацыя такая. Ты глядзіш на пэўныя падзеі, звычайна на тое, што адбываецца ў тваім жыцці (збольшага, гэта ўсё чорная камедыя) і разумееш, што ад агульнага павароту падзей можа быць смешна, але, разам з тым, ад гэтага вельмі страшна. У гэтым тэксце аўтар надзвычай элегантна і ненахабна пераходзіць пэўную мяжу: гэта ўжо не гумар шыбеніка, МакДонах стаіць за мяжой і махае рукой – гэта гумар вешальніка. У яго вельмі моцна атрымалася, мне падаецца.

–  Ці былі ў п’есы нейкія рэчы, складаныя для зразумення беларускаму гледачу?

Мы намагаліся дастасаваць і патлумачыць нейкія занадта незразумелыя рэаліі, бо Англія шасцідзясятых гадоў зусім непадобная да Беларусі 2018 года. У прынцыпе, з кантэксту зразумела, што гэта за рэчы. Напрыклад, у маленькім местачковым пабе на поўначы Англіі магло лічыцца абразай сказаць чалавеку, што ён аматар сідру – гэта такі тонкі намёк, што ён крыху не той арыентацыі, якой бы хацелася бачыць яго заўсёднікам гэтага паба. Але тое, што ў Англіі тлумачыцца з дапамогай канкрэтнай маркі сідру, у нас можа быць вытлумачана іншымі намёкамі заўсёднікаў гэтага паба. Такія рэчы былі.

–  Што адметнага ў мове гэтага паба і п’есы як такой?

З мовай было вельмі цікава, бо сама п’еса насычаная дыялектызмамі, словамі-паразітамі і там даволі шмат лаянкі. Мне вельмі карцела гэта захаваць, каб атрымалася такая камерная, утульная атмасфера местачковага паба, дзе ў людзей, якія збіраюцца штовечар і ведаюць адно аднаго вельмі даўно, ёсць свае жарцікі, свае мэмы, за кожным замацавалася пэўнае слоўца. Натуральна, саму сітуацыю супрацьстаяння перыферыі (поўнач Англіі) і Лондана (сталіцы) ў беларускамоўнай сітуацыі цяжка перадаць, але мы зрабілі, мне падаецца, што маглі.

Напрыклад, Гары Уэйд злоўжывае словам bloody . Альберт bloody П’ерпойнт. Мы спачатку рабілі Альберт маць яго П’ерпойнт. Не памятаю, як атрымалася ўрэшце, але мне падаецца, што гэта вельмі важна, такая моўная характарыстыка персанажа. Ён не можа спакойна вымавіць імя чалавека, якога лічыць сваім супернікам, не ўставіўшы паміж імем і прозвішчам bloody .

–  А як у беларускім перакладзе з лаянкай?

Гэта могуць быць і народныя слоўцы. Народнымі будуць карыстацца старэйшыя персанажы, але мы ж ставім спектакль пра рэальнае жыццё і ў рэальным жыцці лаянкай мы карыстаемся набліжанай да рускай мовы таксама, таму я лічу абсалютна арганічным казаць “Альберт маць яго П’ерпойнт”.

IMG_5064.jpg

–  А як было з дыялектызмамі?

Напоўніцу перадаць супрацьстаянне цэнтру і перыферыі цяжка, але мы зрабілі ўсё магчымае. У беларускай мове, на жаль, ужо няма такога падзелу, немагчыма вызначыць па мове чалавека, скажам, сярэдняга веку з поўначы ён ці з поўдня. Можна распытваць, і тады, верагодна, гэта выплыве, а так каб проста з мосту – не атрымаецца. Ну, будзем наганяць саспіенс іншымі сродкамі.

–  А ў Англіі такі падзел існаваў?

Прынамсі ў шасцідзясятыя быў дакладна. Гэта было вельмі істотна, бо людзі лёгка маглі пазнаць хто адкуль, пачуць па тваім вымаўленні: “Тыыынь, гэт’ не наш хлопчык. А вось ты – наш”.

–  Як ты працавала з рэжысёрам?

Мне вельмі спадабалася. Я надзвычай удзячная тэатру за тое, што тут існуе натуральная магчымасць непасрэднага супрацоўніцтва з рэжысёрам, бо вось ёсць тэкст, ёсць мая канцэпцыя таго, як я гэта бачу, ёсць канцэпцыя МакДонаха. Гэтыя канцэпцыі не заўсёды судакранаюцца, так склалася. А ёсць рэжысёр, натуральна, таксама са сваім бачаннем таго, што ён хоча атрымаць. Мы з Віталём шмат разоў бачыліся, супольна сядзелі над тэкстам, вельмі шмат працавалі, штосьці правілі. Адна з маіх любімых фраз ад Віталя была: “Добра, Маша, а цяпер як гэта сказаць па-чалавечы?”. І я лічу, што цяпер у маёй галаве жыве маленечкі такі, быццам фея, Віталь-Краўчанка-рэжысёр (Віталь, не ў крыўду, ён вельмі харошы і добры, мне страшна падабаецца). І калі цяпер я перакладаю штосьці іншае, ён там сядзіць і мне гаворыць: “Маша, а калі па-чалавечы сказаць?”.

IMG_4573.jpg

–  Чаму п’еса называецца “Вешальнікі”?

Арыгінальная назва п’есы “ Hangmen ”, то-бок, “Тыя, хто вешаюць”. Мне вельмі падабаецца, што мы можам скарыстацца харошым беларускім словам “Вешальнікі” і супрацьпаставіць у рамках гэтага тэксту тое, што акурат, як мне падаецца, хацеў супрацьпаставіць МакДонах – шыбенікаў і вешальнікаў – тых, каго вешаюць, і тых, хто вешае. Гэта таксама падкрэслівае “чорнакамічны” пераход ад гумару шыбеніка да гумару вешальніка.