Прэм'ера ў Купалаўскім: спектакль "Талерантнасць" паводле п'есы Ясміны Рэза "Бог разні"

27 красавіка
Прэм'ера ў Купалаўскім: спектакль "Талерантнасць" паводле п'есы Ясміны Рэза "Бог разні"

На Вялікай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы 27 і 28 красавіка адбылася прэм'ера спектакля "Талерантнасць" паводле п’есы французскага драматурга Ясміны Рэза «Бог разні». 

У рабоце над спектаклем задзейнічаны выбітныя спецыялісты. Сцэнаграфіяй займаецца вядомы мастак Руслан Вашкевіч, які ўжо працаваў у тэатры над афармленнем спектакля «Школа падаткаплацельшчыкаў». Касцюмы зроблены паводле эскізаў Алёны Ігрушы.

Спектакль носіць назву, адметную ад арыгінальнага названня п’есы, бо, па меркаванні Пінігіна, назва «Бог разні» для беларускага гледача будзе адразу перагукацца з тэмай вайны. Аднак, тэма твора камічная і абсурдная – пабіліся два хлопцы-падлеткі, і цяпер іх бацькі намагаюцца інтылігентна вырашыць, хто правы і вінаваты ў гэтай сітуацыі. Адметнасць твораў Ясміны Рэза ў здольнасці вельмі тонка раскрываць сапраўдную сутнасць герояў і паказваць тыя рысы, якія хаваюцца за маскай талерантнасці і дабразычлівасці.

Паводле задумы Пінігіна, сюжэтная лінія ў спектаклі выходзіць па-за межы пакоя і ахоплівае пытанні талерантнасці ў больш шырокім кантэксце: «Гэта не беларуская п'еса, тут няма відавочнага нам кантэксту і чагосьці пра беларускую талерантнасць. Усё ж у нас яна своеасаблівая. Беларусы вымушаныя жыць талерантна, таму што існуюць паміж Захадам і Усходам, паміж бясконцымі войнамі, у якіх маглі б загінуць. Мы былі вымушаныя стаць талерантнымі і ў рэлігійным сэнсе, і ў этнічным, і ў чалавечым. Гэта своеасаблівы дзэн: сысці ад бойкі ў пэўную хвіліну, ня увязацца ў яе. Але ў тэксце Рэза я ўбачыў больш глыбокія рэчы, агульначалавечыя», – кажа рэжысёр спектакля.

Ролі ў спектаклі выконваюць Яўгенія Кульбачная, Вікторыя Чаўлытка, Аляксандр Зелянко, Аляксандр Паўлаў, Святлана Анікей, Марына Гардзіёнак, Алег Гарбуз, Сяргей Чуб, Кацярына Алейнікава, Павел Астравух, Максім Карасцялёў, Кацярына Яворская.  

На сайце даступны білеты на майскія і чэрвеньскія спектаклі "Талерантнасць".      

MART8471.JPG
MART8699.jpg
MART8757.jpg
MART9092.jpg
MART8997.jpg
MART9392.jpg
MART9216.jpg
MART9430.jpg

Фота: Павел Марцінчык.