ПРЭМ'ЕРЫ!

16 снежня
ПРЭМ'ЕРЫ!
Напрыканцы года ў Купалаўскім тэатры адбудуцца адразу тры не падобныя адзін да аднаго прэм'еры на трох розных пляцоўках! Для маленькіх наведвальнікаў тэатра мы падрыхтавалі сапраўдны навагодні падарунак у выглядзе прэм'еры - казкі "Гісторыя шакаладнага дрэва". Прыгоды юных, адважных, часам нязграбных, але такіх абаяльных і пацешных эльфаў, якія сваім вострым розумам, знаходлівасцю і кемлівасцю ратуюць усіх казачных герояў. Наша казка напоўнена яркімі вобразамі і каляровымі касцюмамі, створанымі Любай Сідзельнікавай, цудоўнай музыкай Марата Абрамяна і дынамічнымі танцамі харэографа Алены Падольскай. Але самае галоўнае - наша казка напоўнена дабром і шчырасцю, якія, несумненна, кранаюць сэрца і пачуцці дарослых гледачоў. У каміннай зале тэатра эксперымент! "СКРЫЖАВАННЕ" - аўтарскі праект рэжысёра Данііла Філіповіча разам з музычным аркестрам Купалаўскага тэатра. У аснове музычна-пластычнай фантазіі закладзены абрадавыя традыцыі беларускага народа ад Вяселля да Каляд. Вам не пакажуць абрад цалкам, а толькі невялікую пластычную фантазію, створанную харэографам Вадзімам Дубовікам. Мэтай усёй фантазіі з'яўляецца паказ сучаснага бачання традыцый мінулага і сучаснасці - такое асаблівае скрыжаванне таго што было, і таго, што магчыма ёсць. Тым часам на камернай сцэне тэатра разгортваюцца самыя сапраўдныя італьянскія страсці. Прэм’ера спектакля “Donna sola” (“Жанчына адна”) па п’есе італьянскага драматурга, лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Дарыё Фо і яго сааўтара, жонкі, вядомай італьянскай актрысы Франкі Раме. Спектакль у пастаноўцы рэжысёра Венедыкта Растрыжэнкава распаваядае гледачам пра лёс звычайнай жанчыны сярэдніх гадоў, якая ў камедыйным, наўмысна бязладным маналогу перад нябачнай суседкай-суразмоўцай паспявае расказаць пра сваё жыццё і праблемы, - сямейныя, бытавыя, любоўныя, экзістэнцыянальныя. Усяго адзін вечар, у які змясціўся цэлы жаночы лёс. Гэта гісторыя не пакіне ніводнага пустога месца ў сэрцах гледачоў і прымушае задумацца пра ролю жанчыны ў сённяшнім грамадстве. Пра яе часта схаваную адзіноту, з якой яна спрабуе, як умее, вырвацца, пазбавіцца ад навязаных ёй звыклых другарадных роляў. А людзі побач бачаць у яе паводзінах толькі смешнае, часам недарэчнае і пацешнае. Гэты, адначасова пяшчотны і тэмпераментны, вобраз надзяліла жыццём мастацкі кіраўнік тэатра, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь – Вольга Няфёдава. Запрашаем!


Галерэя: