Рыхтуецца прэм'ера!

04 студзеня
Рыхтуецца прэм'ера!

Пакуль усе рыхтуюцца да святаў, мы выпускаем прэм'еру - першыя паказы адбудуцца 28, 29 і 31 студзеня 2017 года. 

Замовіць квіток.

Новая пастаноўка Мікалая Пінігіна – камедыя “Школа падаткаплацельшчыкаў” – распавядзе гледачам, як абсалютна законным чынам можна не толькі ўхіліцца ад сплаты падаткаў, але і стаць арандатарам сімвалу Францыі – Эйфелевай вежы.

Драматург Луі Вернэй і акцёр Жорж Бэр напісалі п’есу ў 1934 годзе, у часы эканамічнага крызісу, калі наступствы “вялікай дэпрэсіі” ахапілі не толькі Францыю, але і ўвесь свет. Цяжкая фінансавая сітуацыя: хваля банкруцтваў, павышэнне ўзроўню беспрацоўя і адначасовае паніжэнне заробкаў і пенсій, а таксама маштабныя пратэсты супраць жорсткай падаткавай палітыкі – менавіта ў такім невясёлым кантэксце была напісаная і адразу ж пастаўленая “Школа падаткаплацельшчыкаў”.

Пастаноўкі прайшлі на ўсіх галоўных сцэнах краін, ахопленых крызісам. Цікава, што ўжо ў 1935 годзе “падатковую” камедыю паставілі і ў Савецкім саюзе, на сцэне маскоўскага Тэатра-студыі Юрыя Завадскага (у галоўных ролях – Расціслаў Плят і Вера Марэцкая).

Суворы кантэкст не паўплываў на яскравасць вобразаў і філіграннасць тэксту камедыі. Дзеянне разгортваецца імкліва. Малады авантурыст Гастон Вальцье (Павел Харланчук-Южакоў, Сяргей Чуб), зяць занадта дбайнага дырэктара дэпартаменту падаткаў (Віктар Манаеў), вырашае ўрэшце пачаць зарабляць на жыццё сабе і сваёй ветранай жонцы (Кацярына Алейнікава, Валянціна Гарцуева). Яго думкі лагічныя: “Усякая прафесія цяжкая, бо трэба прымушаць плаціць людзей, якім няма чым плаціць. Трэба знайсці такую працу, якая зберагала б кліентам грошы”, а план вымалёўваецца ідэальна: за сціплы працэнт навучыць людзей ухіляцца ад сплаты падаткаў, або кажучы прасцей: “Падкласці свінню ўраду, а галоўнае – уласнаму цесцю”.

Гастон Вальцье – чалавек дзеяння, таму поспех школы ашаламляльны, ад кліентаў няма адбою, а дзяржаўная казна пад пагрозай. Аўтары не абмяжоўваюцца фінансавай тэмай, у камедыі ёсць месца і для кахання, любоўных інтрыг і трапных назіранняў за сямейным жыццём.

“Галоўны герой – своеасаблівы Астап Бэндэр, – гаворыць рэжысёр спектакля Мікалай Пінігін, – вельмі абаяльны чалавек, які дзейсна, весела і радасна змяняе пануры і дэпрэсіўны свет вакол сябе. У нашыя часы гэта надзвычай істотна”.

Над сцэнаграфіяй для купалаўскай пастаноўкі працуе адзін з самых вядомых канцэптуальных мастакоў Беларусі Руслан Вашкевіч. Касцюмамі займаецца Алёна Ігруша. Бліскучы французскі тэкст па-беларуску пераўвасобіў знакаміты паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, арганічна падкрэсліўшы іранічную афарыстычнасць дыялогаў і захаваўшы лёгкасць стылю.

У пастаноўцы занятыя: народны артыст Беларусі Віктар Манаеў, Павел Харланчук-Южакоў, Сяргей Чуб, Кацярына Алейнікава, Валянціна Гарцуева, Андрэй Дробыш, Іван Кушнярук, Алег Гарбуз, народны артыст Беларусі Мікалай Кірычэнка, Аляксандр Казела, Максім Карасцялёў, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Падабед, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Ігар Сігоў, Ігар Пятроў, Сяргей Рудэня, Вікторыя Чаўлытка, Ганна Хітрык, Таццяна Дзянісава, Дзіяна Камінская.

Прэм’ера запланаваная на 28 студзеня 2017 года.

 Sckool_a_taxpayer_preview.jpg