10-дзённы тур «Палескія хронікі» са спектаклем «Радзіва «Прудок»

17 ліпеня
10-дзённы тур «Палескія хронікі» са спектаклем «Радзіва «Прудок»

Спектакль «Радзіва «Прудок» у ліпені 2019 года адправіўся на гастролі «Палескія хронікі». Тур пройдзе ў чатырох гарадах Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Прэм’ера пастаноўкі рэжысёра Рамана Падалякі па аднайменнай кнізе Андрэя Горвата адбылася год таму, 16 мая 2018 года, пры генеральнай падтрымцы velcom | A1. 

Першы паказ «Радзіва «Прудок» у рамках 10-дзённага тура «Палескія хронікі» адбыўся ў Брэсце 17 ліпеня. 20 ліпеня ўбачыць пастаноўку змогуць жыхары Пінска, які атрымаў у гэтым годзе статус культурнай сталіцы Беларусі. 23 ліпеня паказ пройдзе на радзіме аўтара кнігі Андрэя Горвата – у Калінкавічах. Завершыцца тур у Гомелі – там пастаноўку пакажуць 26 ліпеня. Падрабязная інфармацыя пра спектаклі і даты пачатку продажу квіткоў з’явіцца ў пачатку чэрвеня.

За год сцэнічнага жыцця спектакля камерная сцэна Купалаўскага тэатра прыняла каля 4000 гледачоў. З 16 мая 2018 года адбылося ўжо 39 паказаў «Радзіва «Прудок». 

«Усё пачыналася з ідэі, а ў выніку спектакль, створаны дзякуючы падтрымцы velcom | A1 і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, стаў адным з самых любімых у гледачоў Купалаўскага і ўвайшоў у пастаянны рэпертуар тэатра. Цяпер мы хочам даць шанец убачыць «Радзіва «Прудок» не толькі мінчанам, але і жыхарам беларускага Палесся, якое з’яўляецца важнай часткай твора. Разам з творчай групай, з акцёрамі і тэхнічным складам прыкладзем усе намаганні, каб пастаноўкі на мясцовых сцэнах не адрозніваліся ад мінскіх і гледачы гэтых гарадоў змаглі атрымаць ад спектакля сапраўднае задавальненне», – расказаў рэжысёр спектакля Раман Падаляка.

У спектаклі «Радзіва «Прудок» 15 роляў. Галоўную ролю выконвае акцёр Міхась Зуй: ён іграе аўтара кнігі Андрэя Горвата, ад асобы якога вядзецца аповед. У ролі перакладчыка, Пятро, лётчыка, жука, дзядзькі Колі і Шуры выступае Дзмітрый Есяневіч. Самую цікавую і складаную частку працы ўзяла на сябе Святлана Анікей: яна выконвае ў спектаклі 8 роляў, сярод якіх знакамітыя цётка Дуня, паштальёнка і баба Параска. Па словах рэжысёра Рамана Падалякі, поўная падрыхтоўка спектакля ад задумы і напісання інсцэніроўкі сумесна з Міхасём Зуем да тэхнічнай рэалізацыі і акцёрскай работы заняла ў творчай групы паўгады, уключаючы тры месяцы рэпетыцый.

«Год супрацоўніцтва Купалаўскага тэатра і velcom | A1 – гэта наглядная ілюстрацыя вялікага патэнцыялу развіцця партнёрства мастацтва і бізнесу. Спектакль «Радзіва «Прудок», пастаўлены пры генеральнай падтрымцы кампаніі, стаў адным з самых папулярных у Нацыянальным тэатры, і цяпер ён адпраўляецца на гастролі. Запрашаем гледачоў Брэста, Гомеля, Мазыра, Пінска і ўсіх ахвотных з іншых гарадоў далучыцца да летніх гастрольных паказаў «Радзіва «Прудок» у беларускім Палессі. Упэўнены, гледачы кожнага спектакля атрымаюць ад спектакля вялікае задавальненне», – адзначыў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom | A1 Мікалай Брэдзелеў.

У падрыхтоўцы пастаноўкі рэжысёру Раману Падаляку актыўна дапамагалі каля 20 чалавек. Спектакль уключае ў сябе больш за 50 арыгінальных трэкаў. «Касмічную» музыку пісалі самі акцёры – Міхась Зуй, Дзмітрый Есяневіч, а таксама Віталь Кулеўскі ў складзе студыі Pilip.studio. Звёў музычнае афармленне разам, навучыў размаўляць і пець знакаміты механічны голас «радзіва» гукарэжысёр Юрый Бачкароў. Работа над голасам заняла каля двух тыдняў.

Найбольш запамінальнай і няпростай у ажыццяўленні дэталлю пастаноўкі сталі светавыя праекцыі ўспамінаў галоўнага героя – самай вялікай складанасцю ў рэалізацыі праекцый было зрабіць анімацыю «жывой», быццам бы намаляванай алоўкам. Сцэнічную прастору ажывілі створаныя ад рукі аніміраваныя малюнкі Глеба Куфцерына, каардынатарам іх тэхнічнай рэалізацыі выступіў загадчык відэапраекцыі Міхась Міцькоў. Аўтарам сцэнаграфіі спектакля стала Кацярына Шымановіч – яе творчасці належаць яркія «маляваныя касцюмы-скафандры», дзякуючы якім мастачка стала ўладальніцай прэміі імя Івана Ушакова.

Галерэя: