Распачаўся продаж квіткоў на паказ спектакля “Рэвізор” Купалаўскага тэатра ў Вільні
У верасні 2020 года Купалаўскі тэатр – найстарэйшы драматычны тэатр Беларусі – адзначыць сваё 100-годдзе. Літва стане першай краінай, якую Купалаўскі тэатр наведае з гастролямі ў юбілейным 2020 годзе. У старажытнай Вільні мы пакажам адзін з найлепшых спектакляў, які стаў сапраўднай сенсацыяй адразу пасля прэм’еры і па сённяшні дзень збірае аншлагі не толькі падчас паказаў на сцэне Купалаўскага тэатра, але і на гастролях у Беларусі і за мяжой.
Спектакль “Рэвізор” паводле п’есы Мікалая Гогаля здзівіць незвычайнай рэжысёрскай трактоўкай і самаіроніяй. Штосьці падасца да болю знаёмым, а штосьці – даўно забытым. Разынкай беларускага “Рэвізора” з’яўляецца пераклад: усе персанажы спектакля размаўляюць на трасянцы, а Хлестакоў – на літаратурнай беларускай мове. Спектакль будзе паказаны гледачу з літоўскімі субтытрамі.
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы запрашае прадстаўнікоў літоўскай грамадскасці, беларускай дыяспары ў Літве, а таксама сваіх прыхільнікаў наведаць спектакль “Рэвізор” у Вільні.
Квіткі можна набыць на сайце tiketa.lt. Кошт квіткоў – ад 13€ да 18 €.