Рэжысёр Дзмітрый Цішко: "Спектакль "Ураджай" – пра ўсіх нас"

23 Студзеня
Рэжысёр Дзмітрый Цішко: "Спектакль "Ураджай" – пра ўсіх нас"

Мы падрыхтавалі інтрэрв'ю з Дзмітрыем Цішко, рэжысёрам прэм'еры "Ураджай". Ён распавёў пра выбар п'есы, пра тое, для каго і пра каго будзе спектакль, пра немагчымасць разгадаць "феномен Пражко" і мілагучнасць беларускай лаянкі. 


– Павел Пражко – важная асоба ў сучаснай беларуск ай драматургіі?

Безумоўна. Можна сказаць, што ён пачынальнік беларускай драматургіі ў яе сучасным разуменні. Як Чэхаў у свой час, калі ён толькі пачынаў. Побач з Пражко я б яшчэ назваў Дзмітрыя Багаслаўскага.

І пры гэтым Пражко ў Беларусі чамусьці не ставяць. Зразумела, што мы з “Ураджаем” не станем першаадкрывальнікамі Пражко – раней ужо праходзілі чыткі яго п'ес, ставілі спектаклі ў РТБД і ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры.

– У адным з інтэрв’ю Вы сказалі, што калі чытаеце сучасную беларускую драматургію, Вам баліць галава і таму класіка Вам больш даспадобы. “Рэвізор” і “Каханне як мілітарызм”, у прынцыпе, адпавядаюць гэтаму падыходу, а чым Вашу ўвагу прыцягнула п’еса “Ураджай”? Як Вы абіралі матэрыял для пастаноўкі?

Гэта, і праўда, было менавіта так. Мне здавалася, што я проста не дарос да такіх тэкстаў. Заўжды цікава вяртацца да п'ес, які ты ўжо прачытаў калісьці даўно. Я стараюся чытаць шмат, розных аўтараў, у мяне нават ёсць сшытак, дзе насупраць кожнай прачытанай п'есы я стаўлю плюсы і мінусы – спадабалася ці не спадабалася (два плюсы, тры плюсы – у залежнасці ад ступені таго, наколькі тэкст падаўся мне добрым). І я часам яго гартаю, нешта зноў перачытваю і разумею, што ўспрымаю многае ўжо зусім інакш.

П'есу “Ураджай” я прачытаў вельмі даўно, каля 5 гадоў таму. Прычым, важна адзначыць, што ўсю беларускую драматургію ў прынцыпе я пачаў чытаць менавіта з Пражко. Я доўга хадзіў, абдумваў п’есу, яна выклікала ў мяне вельмі дзіўныя пачуцці – героі мяне літаральна даводзілі да шаленства. Тады я і падумаў, чаму б не паставіць спектакль па матэрыяле, які так мяне кранае. Пра маладых людзей, якія нічога не могуць зрабіць самі, не гатовыя да самастойнага жыцця. Вядома ж, усё гэта я праецырую на сябе: сябе я адношу прыблізна да таго ж пакалення і адчуваю ўсе гэтыя рэчы.

IMG_7309.jpg

– Як Вы лічыце, у чым феномен Пражко? Вам цікавыя яго тэксты?

П'есы Пражко, безумоўна, цікавыя. “Ураджай” я перачытваў ў цягніку і так смяяўся, што многія пасажыры, здаецца, дзіўна на мяне пазіралі. Але гэта настолькі актуальна, настолькі пра кожнага з нас, што адарвацца немагчыма, хоць п'еса і напісана ў 2007 годзе. Але нават праз столькі гадоў яна, магчыма, стала нават яшчэ больш актуальнай.

Што тычыцца феномену Пражко, то мне цяжка адказаць. Шматлікія крытыкі спрабавалі гаварыць пра гэта, дыскутавалі. Думаю, нават сам Пражко не ведае адказу на гэтае пытанне.

Вам падабаюцца персанажы п’есы? Вы бачыце ў іх штосьці добрае? Атаясамліваеце са сваім пакаленнем? Шкадуеце ці асуджаеце іх?

Хутчэй, шкадую. Прычым, шкадую не канкрэтна гэтых персанажаў, а ўсё чалавецтва і сябе ў тым ліку. Нядаўна вешаў сушылку для бялізны на балконе, і цэлую гадзіну гугліў, спрабаваў зразумець, як вяровачкі адну з адной злучыць. Пра гэта і спектакль – што будзе, калі ў нейкі момант перастане працаваць інтэрнэт і ўсе мы застанемся сам-насам з прыродай? Ці зможам мы выжыць?

І ўраджай для мяне ў дадзеным кантэксце не толькі пра збор яблыкаў. Гэта пра тое, які “ураджай” мы пакінем пасля сябе. Калі мы цяпер такія, хто будзе пасля нас? Разрыў паміж пакаленнямі існаваў заўсёды, старэйшае пакаленне папракае малодшае і наадварот, і гэта абсалютна нармальна. У дадзеным выпадку галоўнае не асуджаць, а, наадварот, пашкадаваць, зрабіць высновы і пра нешта задумацца.

IMG_6828.jpg

– Жанр п’есы – камедыя. Ваш спектакль будзе смешны? Ці гэты гумар будзе жорсткім і з’едлівым?

Я спадзяюся, што гэты спектакль атрымаецца па-сапраўднаму смешны. Аднак камічная тут сама сітуацыя: у герояў пачынаецца стрэс пры выкананні самых звычайных спраў – яны не могуць забіць цвік, не ведаюць, што рабіць пры ўкусе пчалы, не могуць спыніць кроў. Усё вельмі перабольшана, але мы не карыстаемся гратэскам, усе дакладна гэтак жа адбываецца і ў жыцці. Сёння, калі ў нас баліць галава, мы лезем у гугл, чытаем сімптомы, самі ставім сабе дыягназ. Мы ведаем усё пра ўсе хваробы, але не ведаем, як гэта лячыць.

У арыгінальнай п’есе шмат нецэнзурнай лексікі. Як гэта будзе гучаць па-беларуску?

Рускамоўныя мацюкі ў беларускім тэксце вельмі рэжуць слых, таму яны заменены на беларускія аналагі, якія могуць выкарыстоўвацца ў прыблізна тым жа кантэксце. Але мне здаецца, што ў беларускай мове нават лаянка гучаць неяк меладычна, спеўна і не дае абсалютна таго ж эфекту, які мог бы атрымаецца ад адназначнага рускага мата.

Якім Вам бачыцца глядач спектакля “Ураджай”? Хто ўбачыць сябе ў пастаноўцы?

Думаю, у гэтым спектаклі сябе ўбачаць абсалютна ўсе. У кожнага з нас, незалежна ад узросту, былі ў жыцці цяжкасці, няхай не такія банальныя, як у герояў п'есы, але ў якіх мы адчувалі сябе гэтак жа. Гэта як прызма, праз якую можна ўбачыць сябе, а калі не сябе, то сваіх блізкіх.

Таму я перакананы, што глядач гэтага спектакля можа быць абсалютна розны – пачынаючы ад старшакласнікаў і заканчваючы сталымі людзьмі. У гэтай сітуацыі няма прывязкі да ўзросту, гэта пра ўсіх нас.

IMG_7215.jpg