"Рэвізор". Неўзабаве прэм'ера!

06 Снежня
"Рэвізор". Неўзабаве прэм'ера!
Пасля прэм’еры “Рэвізора” ў Александрынскім тэатры 19 красавіка 1836 года Мікалай І заўважыў: “Ну і п’еска! Усім перапала, а мне больш за ўсіх”. 
У Купалаўcкім тэатры за пастаноўку гэтага класічнага тэкста Гогаля бярэцца мастацкі кіраўнік – Мікалай Пінігін. Папярэднім разам купалаўцы ставілі “Рэвізора” ў 1982 годзе, тады рэжысёрам пастаноўкі быў Валерый Раеўскі.



Універсальнасць і адвечнасць сюжэту выдатна дастасоўваецца да самых розных рэалій. Таму фабула спектакля застаецца нязменнай:

Жыццё шараговага мястэчка развярэджана. Прайшла пагалоска, што ў раён кіруецца рэвізор са сталіцы, і намеры яго самыя сур’ёзныя. Чыноўнікі нервуюцца, ікаюць і сутаргава пачынаюць прыкрываць свае злачынствы. Гараднічы (В. Манаеў, В. Макарэвіч) шыхтуе ўсю вярхушку мясцовай улады. Апякун медыцынскіх устаноў (Д. Есяневіч, А. Зелянко) штурхалямі выправаджвае хворых дадому, наглядчык вучылішчаў (Р. Падаляка, А. Паўлаў) намаганнем волі падымае паказнікі, суддзю (І. Дзянісаў, І. Сігоў) таксама ёсць чым заняцца – пытанне службовых крадзяжоў, нахабнага злоўжывання паўнамоцтвамі і хабарніцтва стаіць асабліва востра. Але ці атрымаецца ў гэтых махляроў выплысці? У ролі Хлестакова – Аляксандр Казела і Павел Харланчук-Южакоў.

І паколькі абвешчаны рэвізор на сцэну так і не выходзіць, сапраўднымі героямі спектакля з’яўляюцца страх і смех. Менавіта страх раскручвае дзеянне камедыі, згушчаючы абсурд падзей і набліжаючы катастрафічны фінал. Страх быць выкрытымі заганяе чыноўнікаў у цемру непрыхаванай ліслівасці. Сатырычна-камічнымі сродкамі спектакль даследуе немагчымасць пераадолець гэтую спрадвечную жуду перад абліччам уладай. 

Над сцэнаграфіяй да спектакля працуе літоўскі мастак Марыус Яцоўскіс, ужо вядомы беларускай публіцы па “Чайцы” А. Чэхава. Музыку піша Андрэй Зубрыч. Асістэнт рэжысёра - Дзмітрый Цішко. Адмыслова для пастаноўкі быў створаны новы пераклад п’есы “Рэвізор”.

У спектаклі занятыя: В. Манаеў, В. Макарэвіч, З. Белахвосцік, Ю. Міхневіч, Д. Камінская, К. Алейнікава, Р. Падаляка, А. Паўлаў, І. Дзянісаў, І. Сігоў, А. Зелянко, Д. Есяневіч, М. Зуй, І. Кушнярук, І. Пятроў, М. Рабычын, С. Чуб, А. Дробыш, А. Казела, П. Харланчук-Южакоў, М. Кучыц, А. Кавальчук, П. Паўлюць, М. Карасцялёў, Д. Тумас, П. Астравух, А. Сідарава, В. Няфёдава, В. Чаўлытка, К. Яворская, М. Гардзіёнак, С. Кажамякіна, Т. Дзянісава, а таксама Г. Вішнякоў, К. Змушко, А. Сапоненка і А. Сенажэнскі.