Шаноўная і знакамітая Галіна Макарава. Святкуем 100-годдзе дарагой купалаўскай артысткі

27 снежня
Шаноўная і знакамітая Галіна Макарава. Святкуем 100-годдзе дарагой купалаўскай артысткі
Сёння спаўняецца сто гадоў з дня нараджэння Галіны Макаравай. У нас поўным ходам ідзе падрыхтоўка да памятнай вечарыны, а як падрыхтавацца найлепш? Вядома ж, занурыцца ва ўспаміны! А Галіну Кліменцьеўну ў тэатры згадваюць вельмі часта і надзвычай чула. Ці ведаеце вы, чаму ў нас столькі пяшчоты да Агаты Чаховіч і як так паядналіся нашы лёсы?


Старобінскі род

Агата Чаховіч нарадзілася 27 снежня 1919 года ў мястэчку Старобін у сям'і афіцэра царскай арміі Клімента Чаховіча. Дзед актрысы быў святаром старобінскай царквы, а бацька, які не прыняў савецкую ўладу, пяць гадоў правёў у лагерах. У савецкія часы такая сямейная гісторыя не варажыла нічога добрага. Менавіта тады жонка Клімента Чаховіча памяняла прозвішчы дзецям, і так Агата Чаховіч стала Агатай Апанашчык.

Як мяняліся імёны

У 16 гадоў Агата пераязджае ў Мінск, дзе ўладкоўваецца дапамагаць па гаспадарцы і санітаркай у шпіталь. Але разам з працай яна ўдзельнічае ў самадзейнасці, лётае па вячорках, грае на акардэоне і шмат займаецца рознымі відамі спорту: конны спорт, кіданне кап’я, мотакрос. У 1936 годзе яна паступіла ў тэатральную студыю Беларускага дзяржаўнага тэатра, дзе памяняла “вясковае” імя “Агата” на “Галіну”. У 1937 годзе Галіна Апанашчык стала чэмпіёнкай рэспублікі па мотакросе, а ў 1938 годзе была залічаная ў трупу БДТ-1. Актрыса паспела сыграць толькі некалькі роляў, калі разам з мужам, афіцэрам Іванам Макаравым, яны пераехалі ў Маскву, потым Макарава камандзіравалі на Кольскі паўвостраў і маладая жонка скіравалася за ім. Канец вайны Галіна Макарава сустрэла ў Маскве, дзе прайшла праслухоўванне ў Вахтангаўскім тэатры. Але тут з фронта вярнуўся муж, і здарыўся цяжкі развод.

Вяртанне на купалаўскую арбіту

Рашучая і катэгарычная Галіна Макарава вярнулася ў Мінск, у Беларускі дзяржаўны тэатр. Шмат было роляў “на падхваце”, але неўзабаве характарную арганічнасць актрысы заўважыў Андрэй Макаёнак. Менавіта падчас размеркавання роляў да спектакля “Лявоніха на арбіце” прагучала яго славутае: “Калі не Макарава, то і ніхто іншы! Я забіраю п’есу!”. І надалей Макаёнак адмыслова пісаў пад яе вобразы ў сваіх п’есах (Паліна ў “Трыбунале”, Аксана ў “Таблетку пад язык”, Старая ў “Святой прастаце”). А ролю Лушкі Галіна Кліменцьеўна выканала больш за 600 разоў.

Кінакосмас

І калі беларускую вядомасць актрысе прынеслі родныя і блізкія тэатральныя вобразы (Дзятлічыха “Людзі на балоце” паводле І.Мележа, Дар’я “Апошні шанц” В.Быкава, Агата “Паўлінка” Янкі Купалы, Ганна “Вечар” А.Дударава, Ганна “Апошні журавель” А.Дударава і А.Жука), то ўсесаюзную славу яна здабыла праз кінаролі. У першую чаргу варта згадаць стужку “Удовы” Сяргея Мікаэляна, а былі яшчэ “Альпійская балада” (Пелагея), “Каменданцкая гадзіна” (Вера), “Фруза” (Драздова), “Белыя росы” (Матрона), “Дрэвы на асфальце” (Ганна Цімафееўна), Развітання славянкі” (Ганна Іванаўна), “Белыя адзенні” (Праскоўя), “Невядомы салдат” (Клаўдзія Іванцова), “Пустальга” (бабуля Шумілкі). Макараву жартаўліва называлі “ўсенароднай бабуляй”, а яна, хоць і горача любіла сваіх персанажаў, была гатовая граць розныя характары. Кажуць, што шкадавала аб несыгранай Матухне Кураж з аднайменнага твора Бертольда Брэхта.

Кветкі на Круглай

Дамоў да Макаравай і яе мужа, акцёра-купалаўца Паўла Пекура, прыходзілі сотні лістоў з усяго саюза. Галіне Кліменцьеўне было няёмка, калі яе пазнавалі на вуліцах, калі на рынках, як роднай, спрабавалі бясплатна падкласці прадуктаў. Сама яна імкнулася зрабіць для людзей як мага больш, не абысці ўвагай. Клапацілася, калі бачыла патрэбу, не абмінала чужую бяду. А найбольшую радасць знаходзіла ў зямлі: кветкагадоўлі і лецішчы. Грады яна магла палоць пры месяцовым святле (бо пакуль пасля спектакля даедзеш!), а кветнікам на Круглай плошчы апекавалася супольна з суседам па доме. У свой час яны пасадзілі шмат кустоў, а яшчэ там раслі “макараўскія” алыча з чарэшняю.

Галіны Кліменцьеўны не стала 23 кастрычніка 1993 года. Ужо амаль трыццаць гадоў тэатр жыве без яе, але памяццю пра яе, і гэтая памяць дапамагае нам ісці наперад. Галіна Макарава – рашучая, упэўненая, руплівая, вясёлая і неймаверна таленавітая. Ісці наперад, адчуваючы такую моц, сапраўднае шчасце.

Разам з дачкой Галіны Макаравай, Таццянай Пекур-Касцюнінай, і нашай купалаўскай камандай мы рыхтуем вечарыну памяці. Будзем згадваць, крыху сумаваць, шмат усміхацца і натхняцца. Запрашаем і вас: 16 студзеня 2020 года на Камернай сцэне тэатра.

Пры падрыхтоўцы выкарыстаны матэрыялы з архіва тэатра і ўспаміны купалаўцаў

Галерэя: