У Купалаўскім з'явіцца пастаноўка па кнізе Міхала Анемпадыстава "Колер Беларусі" ў рэжысуры Рамана Падалякі

18 лістапада
У Купалаўскім з'явіцца пастаноўка па кнізе Міхала Анемпадыстава "Колер Беларусі" ў рэжысуры Рамана Падалякі
На днях у Міністэрстве культуры адбылася адкрытая абарона рэжысёрскіх праектаў. Дзесяць з іх будуць створаныя пры фінансавай падтрымцы Мінкульта ў бліжэйшыя тры гады.
Купалаўскі акцёр і рэжысёр Раман Падаляка, ужо вядомы гледачу сваім спектаклем “Радзіва Прудок” паводле кнігі Андруся Горвата, прадставіў рэжысёрскую эксплікацыю пад назвай "Колер Беларусі" паводле кнігі Міхала Анемпадыстава і ўвайшоў у спіс фіналістаў! Гэта значыць, што неўзабаве на Камернай сцэне нашага тэатра з'явіцца важная і ўнікальная для ўсіх нас пастаноўка.
На кожнае пакаленне прыпадае з’яўленне творчай асобы, уплыў якой абсалютна выходзіць за часовыя межы і ўзбагачае культурны ландшафт. Такою асобай быў паэт, дызайнер, мастак, музыка, “рэнесансавы” чалавек нашага стагоддзя Міхал Анемпадыстаў. Ягоны альбом "Колер Беларусі" – адна з першых спробаў візуалізаваць каларыстыку беларускай мінуўшчыны і сучаснасці з яе яскравымі колерамі і адценнямі, з прыроднымі структурамі, народжанымі пад уздзеяннямі чатырох стыхій.
Для гледачоў з’явіцца магчымасць пагрузіцца ў глыбінны, паэтычны, музычны свет выдатнага творцы, пачуць размаітыя галасы-гісторыі ягоных сяброў.

Галерэя: