Зінаіда Зубкова – наша “Крыштальная Паўлінка”.

29 Сакавіка
Зінаіда Зубкова – наша “Крыштальная Паўлінка”.
Шчыра віншуем народную артыстку Беларусі Зінаіду Зубкову, адзначаную найвышэйшай узнагародай Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі – прызам “Крыштальная Паўлінка”.

Узнагарода прысуджаецца творцам, чыя шматгадовая дзейнасць значна паўплывала на станаўленне, развіццё і аўтарытэт тэатра Беларусі і чыё імя карыстаецца павагай сярод дзеячаў тэатральнага мастацтва і гледачоў. Унёсак Зінаіды Пятроўны Зубковай у дасягненні нацыянальнага беларускага тэатра напраўду адпавядае гэтым словам статута. Зінаіда Зубкова служыць у Купалаўскім тэатры з 1960 года, з яе першых спектакляў публіка заўважыла яе надзвычайную пластыку, вытанчанасць таленту і пяшчоту ў стварэнні драматычных вобразаў.

У актуальным рэпертуары тэатра варта асабліва адзначыць прэм'еру 2018 года, спектакль “Зямля Эльзы” сучаснай аўтаркі Яраславы Пуліновіч у пастаноўцы Алены Ганум, дзе Зінаіда Пятроўна Зубкова бліскуча выканала галоўную ролю – немкі Эльзы. Складаны вобраз, які стварыла актрыса, не можа пакінуць абыякавым гледача. Яе гераіня падкупае сваёй кранальнасцю і пяшчотай, сваёй прастатой і адначасовай выкшталцонасцю. Але Эльза дэманструе таксама і цвёрдасць характару, рашучасць у адстойванні свайго права на сапраўднае каханне, якога яна чакала ўсё жыццё.

Убачыць Зінаіду Зубкову ў ролі Эльзы можна 1 красавіка. Запрашаем на Камерную сцэну тэатра, квіткі даступныя на нашым сайце і ў тэатральнай касе.