Сольны канцэрт гурта ili-ili

10 сакавіка
Сольны канцэрт гурта ili-ili
24 сакавіка а 20.00 у хатняй атмасферы Купалаўскага тэатра пройдзе сольны канцэрт беларускага гурта ili-ili. Не сакрэт, што да гэтых музыкаў тэатр адчувае і матчын сантымент, і бацькоўскі гонар, бо ili-ili – гэта “нашы людзі” ў сусветнай сінці-поп культуры; самыя музычныя купалаўцы, і самыя “купалаўскія” музыкі ўсіх часоў і народаў.





Сёння ў складзе гурта – артысты Міхась Зуй і Зміцер Есяневіч, музыкі Эрык Арлоў-Шымкус, Ігар Юшкевіч і Віталь Кулеўскі. Пра гэтых хлопцаў можна казаць доўга і з захапленнем, бо іх станаўленне, рост і музычны пошук адбываліся ў нас навідавоку. Музыка ili-ili пачатку 2010-х увабрала ў сябе мастацкі густ і рамантыку далёкіх купалаўскіх гастроляў, выбухнула шэрагам гучных хітоў і ўзбагаціла тэатральны рэпертуар аўтарскай музыкай да многіх спектакляў.

Гурт ili-ili 2018 года – гэта новы фармат, новае слова і новае гучанне. Адчуўшы покліч электронных бітаў і сувязь з космасам пост-року, хлопцы заявілі пра час перамен і выпусцілі пілотны трэк пад назвай “Мабыць” – як крок на шляху асэнсавання сябе, уласнай цэльнасці і творчай звышзадачы.

“Мы хочам рабіць поп-музыку з сэнсам і сучасным інструментарыем”, – прызнаецца Міхась Зуй, складаючы трэк-ліст да будучага сольнага канцэрта. Нам гэтыя планы даспадобы. Мы запрашаем вас на прэзентацыю новага гучання ili-ili, а пакуль заахвочваем слухаць трэкі, наталяцца энергіяй касмічных хваляў і электронных фраз.

Аўтар россыпу плакатаў да канцэрту – наш добры геній рэжысёр і мастак Юрка Дзівакоў.

І ў якасці даведкі. Гурт ili-ili існуе з 2011 года. За гэты час былі выпушчаны два альбомы: “Past Perfect” (2012), “List” (2013) – і адзін міні-альбом “post01” (2011). У 2013 годзе гурт стаў лаўрэатам фестывалю Basowiszcza, а трэк “Танчыць” атрымаў Нацыянальную музычную прэмію як “Найлепшая беларуская песня”. У 2015 годзе гурт прыняў удзел у праекце “Anima”, прысвечаным дзейнасці кампазітара М.К.Агінскага. Музыкі пішуць трэкі да спектакляў (“Клеменс” К.Саі, “Матухна Кураж і яе дзеці” Б.Брэхта, “Войцэк” Г.Бюхнера, “Запалкі” К.Сцешыка) і працуюць над новай праграмай.

Галерэя: