"Тэма Ірландыі не чужая Купалаўскаму тэатру": Вольга Бабкова пра сувязь МакДонаха з беларускім кантэкстам

02 Студзеня
"Тэма Ірландыі не чужая Купалаўскаму тэатру": Вольга Бабкова пра сувязь МакДонаха з беларускім кантэкстам

Ёсць у беларусаў нітачка сувязі са смарагдавай выспай, і загадчыца нашай літаратурна-драматургічнай часткі востра гэта адчувае. Неверагодная Вольга Бабкова распавядае пра сувязь ірландскай драматургіі з Купалаўскім тэатрам, разважае пра тое, чаму ад творчасці МакДонаха займае дух і чым людзям падабаецца экзістэнцыйная вусціш.

"Тэма Ірландыі, легендарнай смарагдавай выспы, не чужая Купалаўскаму тэатру. Варта згадаць наш спектакль “Translations” паводле твора ірландскага драматурга Браяна Фрыла ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна, прысвечаны канфлікту Ірландыі з Англіяй. А цяпер у нашым тэатры актыўна ідуць рэпетыцыі пастаноўкі паводле п'есы іншага ірландскага аўтара, Марціна МакДонаха, – спектакль “Вешальнікі”, які ставіць Віталь Краўчанка. Дарэчы, уважлівыя купалаўскія гледачы напэўна згадаюць, што Марцін МакДонах ужо быў прадстаўлены ў купалаўскім рэпертуары, на Малой сцэне, гэта быў спектакль “Самотны захад” у рэжысуры Паўла Харланчука-Южакова.

IMG_4603.jpg

Марцін МакДонах нарадзіўся ў Ірландыі, а жыве ў Англіі. Дарэчы, тыповы лёс ірландскага творцы. На сённяшні дзень МакДонах самы вядомы і паспяховы драматург, рэжысёр, прадзюсар з тамтэйшых краёў. Цікава, што яго творчы лёс чымсьці нагадвае лёс амерыканскага пісьменніка Джэка Лондана. Пасля працяглага непрызнання наступіў практычна феерычны поспех – МакДонаха ставяць ва ўсім свеце, параўноўваюць яго з Шэкспірам. Знакамітыя рэжысёры прызнаюцца, што ад твораў МакДонаха займае дух.

IMG_5029.jpg

Цікава, што ў Беларусі апошнім часам МакДонаха пачалі ставіць вельмі актыўна. А ў расійскім горадзе Перм ёсць тэатр “Ля моста”, дзе ўжо трэці год запар праходзіць міжнародны тэатральны фестываль, прысвечаны творчасці МакДонаха. Сёлета, напрыклад, прыязджалі артысты і тэатры з самых розных краін, у тым ліку з Ірана, з Азербайджана.

Творчасць МакДонаха звязваюць з такім і жанрамі як чорная камедыя ці трагедыя. Сам ён кажа, што ніколі не здолеў бы паставіць рамантычны спектакль ці зняць рамантычны фільм, бо мае занадта змрочнае пачуццё гумару. Яго вострасюжэтныя творы абрынаюць гледача ў вус ц іш памежнай сітуацыі, вострага эмацыйнага стану і, што цікава, людзям гэта страшэнна падабаецца, бо ўсе героі МакДонаха ўніверсальныя, пазнавальныя. Цікава, што таленавітым выявіўся і брат Марціна МакДонаха – Джон Майкл МакДонах. Варта згадаць яго выдатны фільм “Аднойчы ў Ірландыі”. Наколькі вядома, зараз МакДонах працуе над праектам пра змаганне Ірландыі за незалежнасць.Так Ірландыя не адпускае ірландцаў дзе б яны ні знаходзіліся".