Заснавальніку Купалаўскага тэатра Фларыяну Ждановічу - 135 год!

28 кастрычніка
Заснавальніку Купалаўскага тэатра Фларыяну Ждановічу - 135 год!
Купалаўскі тэатр уступіў у перыяд знакавых юбілейных дат:  распачаўся 100 тэатральны сезон, у верасні наступнага года тэатр адзначыць сваё 100-годдзе, будынку тэатра споўніцца 130 гадоў. Юбілейная дата і ў аднаго з заснавальнікаў нашага тэатра, Фларыяна Ждановіча, які нарадзіўся 135 гадоў таму 28 кастрычніка.
Ён нарадзіўся ў Мінску ў той самы год, калі на плошчы Высокага Рынку (цяпер – плошча Свабоды) згарэў Мінскі гарадскі тэатр. Гэта здарылася ў 1884 годзе. Такі, нібы выпадковы збег акалічнасцяў паўплываў на тое, што імя Фларыяна Ждановіча сталася шчыльна знітаваным з гісторыяй беларускага нацыянальнага тэатра.
Хто такі  Фларыян Ждановіч?
  • Рэжысёр. Адзін з першых беларускіх акцёраў, які меў прафесійную адукацыю.  Скончыў тэатральную школу ў Варшаве. Любоў да тэатра захапіла яго  праз спектаклі ўкраінскіх вандроўных труп, якія часта гастралявалі ў Мінску.
  • Натхняўся трупай Ігната Буйніцкага і сам марыў стварыць сталы беларускі тэатр. І ў яго гэта атрымалася!
  • Менавіта Ждановіч стварыў трупу і стаў кіраўніком «Першага таварыства беларускай драмы і камедыі», з якой пачалася гісторыя Беларускага дзяржаўнага тэатра (цяперашняга Купалаўскага).

У 1902 годзе Фларыян Ждановіч скончыў Варшаўскую драматычную школу, пасля чаго стаў працаваць акторам у польскіх тэатрах Беларусі. У 1907 г. вярнуўся ў Мінск, дзе выступаў у тэатральнай трупе пры польскім спартовым таварыстве «Сокал» з вершамі Янкі Купалы і Якуба Коласа. У гэты ж час далучыўся да беларускага культурніцкага руху. 15 жніўня 1913 у Радашкавічах адбылася прэм’ера знакамітай п’есы «Паўлінка» пад кіраўніцтвам Ждановіча. Сярод гледачоў быў і сам аўтар — Янка Купала, які потым вельмі  дзякаваў за пастаноўку і прарочыў добрую будучыню Мінскаму беларускаму тэатру. У складаных умовах нямецкай і польскай акупацыі ствараў беларускі нацыянальны тэатр, у якім стаў першым мастацкім кіраўніком.

У дзень адкрыцця БДТ 14 верасня 1920 г. сыграў ролю Падарожнага-Рыся ў спектаклі «Рысь»  Элізы Ажэшка (паводле ўласнай інсцэніроўкі і рэжысуры). У 1922 года – саступіў месца мастацкага кіраўніка Еўсцігнею Міровічу і пачаў працаваць артыстам БДТ. Удзельнічаў амаль ва ўсіх спектаклях свайго тэатра. Асабліва ў спектаклях Міровіча. Адна з роляў –  Зыгмунд Серакоўскі ў спектаклі «Кастусь Каліноўскі».

У тэатры Ждановіч адначасова быў рэжысёрам, акцёрам, грымёрам, касцюмерам і суфлёрам, і нават перакладчыкам. Асноўныя яго пераклады былі на беларускую мову, з іх – працы Кальдэрона, частку лібрэта «Русалкі» (першай нацыянальнай оперы на беларускай мове), Фрэдру, Мальера, Горкага ды іншых. Меў псеўданімы “Іван Карась”, “Алесь Крэсік”. І гэта не ўсе пералікі яго здольнасцяў. На працягу жыцця цікавіўся беларускім фальклорам і глыбока вывучаў гэтую тэму.

На юбілейным вечары з нагоды 25-годдзя сцэнічнай дзейнасці ў 1926 г. – калегі з БДТ-2 (цяперашні Коласаўскі тэатр, Віцебск) назвалі яго – “першым юбілярам беларускага тэатра”. Але ў тым жа 1926 годзе Ждановіч быў адхілены ад працы. У 1930 г. быў арыштаваны па справе Саюза Вызвалення Беларусі, за што атрымаў 5 гадоў лагероў. У 1937 арыштаваны паўторна як польскі шпіён з 1919 г. і расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Дакладная дата смерці і месца пахавання Фларыяна Ждановіча невядомыя.

Што яшчэ мы ведаем пра Ждановіча?

  • Сябра Інбелкульта па пытаннях мастацтва.
  • Выконваў абавязкі загадчыка беларускай секціі тэатральнага пададдзела мастацтваў Наркамасвет БССР.
  • Ініцыятар стварэння тэатральнага музея і збору матэрыялаў пра трупу Буйніцкага.
  • Старшыня камісіі па ахове аўтарскіх правоў.
  • Спрыяў справе адкрыцця  Студыйных курсаў для артыстаў у Маскве.

(некаторыя факты ўзяты з кнігі А.Менскага “Фларыян Ждановіч”)

капіраванне і распаўсюд фотаздымкаў магчымы толькі з дазволу Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.