Купалаўскі тэатр паказаў спектакль “Ураджай” у Маскве

Дата: 22 студзеня 2020 года
22 студзеня 2020 года Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы наведаў з гастролямі Маскву. На сцэне Дзелавога і культурнага комплексу Пасольства Беларусі ў Расіі адбыўся паказ спектакля “Ураджай”.
Спектакль “Ураджай” – адна з апошніх прэм’ер на Камернай сцэне Купалаўскага тэатра. Рэжысёр Дзмітрый Цішко ўвасобіў на сцэне тэкст паспяховага беларускага драматурга Паўла Пражко – гэтае імя ўжо стала вядомым аматарам тэатра ва ўсім свеце, а яго п’есы былі перакладзены на замежныя мовы і пастаўлены многімі еўрапейскімі тэатрамі.
Сюжэт п’есы “Ураджай” распавядае пра чатырох маладых людзей, якія апынуліся ў нетыповай для сябе сітуацыі – у восеньскім садзе, на свежым паветры, пасярод багатага ўраджая яблык.. Перад імі стаіць не вельмі складаная задача – сабраць яблыкі ў драўляныя скрыні. Вось тут усё і пачынаецца! У садзе, аказваецца, лётаюць кусучыя пчолы, можа зламацца зуб аб цвёрды яблык і распачацца раптоўны прыступ астмы. Як у крывым люстэрку, кожны з гледачоў зможа пабачыць і пазнаць штосьці да болю знаёмае. У п’есе аўтара “новай драмы” Паўла Пражко адзіны станоўчы герой – смех.
Галоўныя ролі ў спектаклі выканалі маладыя артысты Купалаўскага тэатра Антаніна Дубатоўка, Дзмітрый Тумас, Таццяна Дзянісава і Андрэй Дробыш.
Яркі камедыйны спектакль маскоўская публіка сустрэла захоплена. Ад Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Сямашкі артыстам тэатра былі паднесеныя кветкі.
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы – найстарэйшы тэатр Беларусі, які ў 2019-2020 гг. праводзіць 100-ы сезон і адзначае 100-годдзе з моманту стварэння. Купалаўскі тэатр – гэта гісторыя краіны, беларускай культуры і кожнага з нас. Менавіта таму ў 100-м сезоне плануецца шэраг урачыстых мерапрыемстваў, новых праектаў, інфармацыйна-выдавецкіх праектаў, прэм’ер на Галоўнай і Камернай сцэнах. Акрамя гэтага, тэатр актыўна пашырае гастрольную мапу. Выступ у Маскве – адзін з першых ў 2020 годзе.

Фотаздымкі прадастаўлены Пасольствам Беларусі ў Расіі.

Галерэя: