Купалаўскі тэатр шчыра выказвае словы падтрымкі і ўдзячнасці беларускім і замежным тэатрам

Дата: 22 красавіка 2020

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы выказвае словы падтрымкі ў адрас беларускіх і замежных калег. У сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй, якая не дазваляе тэатрам па ўсім свеце працаваць у звычайным рэжыме, мы шчыра верым і спадзяемся, што неўзабаве гледачы змогуць вярнуцца ў залі.

Купалаўскі звяртаецца да тэатраў па ўсёй Беларусі, якія таксама апынуліся ў складаным становішчы. Але мы верым, што хутка сустрэнемся, бо наша ўзаемападтрымка і клопат адзін пра аднаго мацней усіх неспрыяльных абставінаў.  

Тэатр імя Янкі Купалы даслаў лісты са словамі падтрымкі замежным партнёрам - тэатрам у Польшчы, Расіі, Украіне, Літве і Латвіі, з якімі Купалаўцаў звязвае плённае супрацоўніцтва і сяброўства.  Генеральны дырэктар Павел Латушка i мастацкi кiраўнiк Мікалай Пiнiгiн пажадалi сіл і здароўя кіраўнікам і калектывам тэатраў, а таксама выказалi шчырыя словы падтрымкі ў такі няпросты для тэатраў па ўсім свеце час. “Безумоўна, усім нам зараз не хапае спектакляў, рэпетыцый, шуму гледачоў у фае перад пачаткам спектакля - нашага тэатральнага жыцця, да якога мы прызвычаіліся. Але мы ўпэўнены, што выпрабаванні робяць нас мацнейшымі і надаюць імпэту для далейшых творчых здзяйсненняў”, - падкрэслілi прадстаунiкi тэатра.

Калектыў Купалаўскага тэатра чакае сустрэчы са сваімі гледачамі ў сценах тэатра, а таксама марыць пра хуткае здзяйсненне ўсіх творчых задум і гастроляў разам з нашымі сябрамі і партнёрамі ў Беларусі і за мяжой.

Жадаем усім моцнага здароўя і творчага натхнення!