Купалаўскі тэатр з аншлагам выступіў у Вільні

Дата: 19 студзеня 2020

Купалаўскі “Рэвізор” палюбіўся не толькі ў Беларусі. На паказе спектакля ў Вільні адбыўся аншлаг: больш чым 450 квіткоў былі раскуплены яшчэ за некалькі дзён да спектакля. Адна з самых папулярных пастановак з рэпертуара тэатра, лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў трох намінацыях, “Рэвізор” прайшоў 19 студзеня 2020 года на сцэне Рускага драматычнага тэатра Літвы.
Літва стала першай краінай, дзе Купалаўскі тэатр паказаў свой спектакль у рамках еўрапейскіх гастроляў у юбілейным 2020 годзе. Пастаноўку наведалі літоўцы, прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Вільні, а таксама прыхільнікі Купалаўскага тэатра з іншых краін, якія знаходзіліся ў літоўскай сталіцы. Гледачы прымалі нашых акцёраў з вялікім захапленнем і ўдзячнасцю.
Еўрапейскія гастролі Купалаўскага тэатра працягваюцца – ужо 22 студзеня “Ураджай” пройдзе ў Маскве, на пляцоўцы Дзелавога і культурнага комплекса Пасольства Беларусі. А “Рэвізор” адправіцца ў Даўгаўпілскі тэатр 19 сакавіка.

Галерэя: