"Тэатр Уршулі Радзівіл"- выступ у Лондане

Дата: 10 мая 2012
10 мая 2012 года на сцэне лонданскага тэатра Блумзбары адбыўся першы ў гісторыі паказ спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў Злучаным Каралеўстве.



Брытанскім гледачам была прадстаўлена нясвіжская арлекінада “Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл”, паводле літаратурных твораў княгіні Францішкі Уршулі Радзівіл у пастаноўцы мастацкага кіраўніка тэатра Мікалая Пінігіна.

Для паказу ў Лондане былі распрацаваныя і падрыхтаваныя адмысловыя матэрыялы: створаны англамоўныя афішы і двухмоўныя праграмкі-буклеты, падрыхтаваны мастацкі пераклад тэксту п’есы на англійскую мову, забяспечана сістэма сінхроннага перакладу, арганізавана тэматычная выстава ў фае тэатра. Усё гэта спрыяла больш дэталёваму азнаямленню гледачоў з тэатральным мастацтвам Беларусі эпохі барока, а таксама дапамагала ўспрыняццю сцэнічнага дзеяння.

Зала тэатра, якая налічвае больш за 550 месцаў была запоўнена на 100% і нават не змагла змясціць усіх ахвотных пабачыць пастаноўку. Гледачы надзвычай цёпла прымалі спектакль, жвава рэагавалі на развіццё падзей, доўга не адпускалі артыстаў са сцэны пасля заканчэння пастаноўкі.