13 сакавіка – 95 гадоў з Дня нараджэння заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Марыі Зінкевіч

12 Сакавіка
13 сакавіка – 95 гадоў з Дня нараджэння заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Марыі Зінкевіч

13 сакавіка – 95 гадоў з Дня нараджэння адной з найстарэйшых актрыс Купалаўскага тэатра, заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Марыі Зінкевіч.

Вытокі прыроднага таленту актрысы паходзяць з вёскі Карзюкі, што ляжыць на правым беразе Свіслачы і ўжо ўваходзіць у склад Мінска. Адтуль – чуйнасць да людзей і прыроды. Адтуль – здольнасць да спеваў. Пасля была тэатральная студыя і Купалаўскі тэатр, дзе Марыя Зінкевіч праслужыла больш за 60 гадоў! Яе настўнікамі былі Еўсцігней Міровіч, Леў Літвінаў, Леанід Рахленка, Вольга Галіна... “Тэатр – маё жыццё. Мая радасць. Мае слёзы” – казала артыстка.

Удзячнай і ўсмешлівай памятаюць яе старэйшыя супрацоўнікі тэатра. Нягледзячы на свай няпросты лёс, менавіта Марыі Зінкевіч належаць словы: "А жыццё ў мяне было вельмі цікавае. Нават больш скажу — дзівоснае!”.

Пахавана Марыя Зінкевіч побач са сваімі бацькамі ў родных Карзюках. Гэтая невялічкая вёсачка на Міншчыне вядомая таксама і дзякуючы Янку Купалу, які прысвяціў ёй верш.

Над Сьвіслачай (У Карзюках)

Плаўна Сьвіслач-рэчка 
Удаль плыве, бяжыць; 
Над крутым абрывам 
Панскі дом стаіць. 
  
Зелянеюць вольхі 
Па краях ракі, 
Высяцца над імі 
Сумна Карзюкі. 
  
Відзен горад здаля, 
Горад Менск стары, 
Пнуцца важна к небу 
Коміны, муры. 
  
Гулка далятае 
Дзікі сьвіст машын 
Ды прыпеўкі жабаў 
З рэчкі і лагчын. 
  
Між прысад гасьцінцам, 
Між палёў сялян 
Едзе, пераходзе 
То мужык, то пан. 
 Ўсю ж гэту мясьціну 
Неба абняло, 
Залацістым сонцам 
Хараство ўпляло. 
  
Рэчка, луг, гасьцінец, 
Горад, Карзюкі 
Разрываюць думкі 
На усе бакі. 
  
Сам сабой ня знаеш, 
Што рабіць, як жыць: 
Ці ляцець у горад, 
Ці ў Карзюках сьніць? 
  
Ці пайсьці гасьнінцам 
Долі ў сьвет шукаць? 
Ці рацэ, русалкам 
Галаву аддаць?.. 
 [1911–1912]

За сваё доўгае творчае жыццё яна сыграла мноства выбітных роляў, сярод якіх: Агата ("Паўлінка" Я.Купалы), цёця Каця ("Хто смяецца апошнім" К.Крапівы), Ганна Чыхнюк ("Выбачайце, калі ласка!" А.Макаёнка), Кацярына ("І змоўклі птушкі" І.Шамякіна), Застрамілава ("Брама неўміручасці" К.Крапівы), Сарока ("Людзі на балоце" І.Мележа), Каця ("Пяюць жаваронкі" К.Крапівы), Аксана ("Таблетку пад язык" А.Макаёнка), Матрона ("Жаніцьба Бальзамінава" А.Астроўскага), Аксюта ("Плач перапёлкі" І.Чыгрынава), Паліна ("Трыбунал" А.Макаёнка), Маруся ("Парог" А.Дударава), Ягадка ("Амністыя" М.Матукоўскага), Клава ("Лявоніха на арбіце" А.Макаёнка), Каспарыха ("Выклік багам" А.Дзялендзіка), Ганна ("Вечар" А.Дударава), Грыпіна ("Ажаніцца - не журыцца" бр.Далецкіх, М.Чарота).

Галерэя: